Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Май 2026

Выдалены партал «Народныя навіны Віцебска», не адчыняецца сайт Orsha.eu, спынены выхад газеты “Вольнае Глыбокае”... Як за апошнія гады звузіўся незалежны медыясегмент Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле выдання «Витебский курьер news», “самый заметный удар пришёлся на 2020–2022 годы. Тогда под раздачу попали крупные региональные сайты, которые и освещали мирные протесты в Беларуси, и в целом продолжали давать независимый взгляд на события в регионе”. Зніклі як буйныя інтэрнэт- выданні, так і малыя – сайты, створаныя ў розных рэгіёнах.  А тыя, што засталіся, “вынужденно пишут в условиях строжайшей цензуры”.

Выстаялі нямногія: абнаўляюцца два «Витебских курьера» - адзін з іх працягвае працаваць у даменнай зоне by, пішучы на нейтральныя тэмы, другі выжывае ў эміграцыі, не губляючы сувязяў з Віцебшчынай. Па-ранейшаму працягвае працаваць для сваіх сталых чытачоў сайт “Віцебская вясна”, дзе крытычныя публікуюцца матэрыялы на прававую і сацыяльную тэматыку. Працуе і наш Тэлеграм-канал "Віцебская вясна", на які можна падпісацца, калі вы ў бяспецы. Можна таксама чытаць навіны і без падпіскі, непасрэдна выходзячы на інтэрнэт-рэсурс https://t.me/vicspring.

Паўстаюць і новыя інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з нашым рэгіёнам. У аснўным гэта групы ў сацсетках, месэнджарах і відэаплатформах. Мы знарок іх не называем, каб не даваць “наводку” для ўключэння ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Паводле аналізу, негатыўныя трансфармацыі адбыліся не толькі ў незалежным медыясектары. Інтэрнэт-рэсурсы дзяржСМІ таксама гібеюць, і гэта найперш звязана з "аптымізацыяй" у рэдакцыях некаторых раённых газет, якія далучылі да абласнога і гарадскога выданняў. Дзржаўная прэса перажывае крызіс - нягледзячы на гучныя заявы пра "адзіныя крыніцы праўдзівай інфармацыі", "раёнкі" чытаюць мала, іх выпуск у шэрагу выпадкаў стаў нерэнтабельным. І працаваць прапагандыстамі таксама няма ахвотных - ДзяржСМІ Віцебшчыны перажываюць відавочны кадравы голад.

Руслан Артураў