Што стаіць за словамі пра патрыятычнае выхаванне і падрыхтоўку да службы ў войску? Праваабаронцы разглядаюць такую практыку як мэтанакіраванае ўкараненне ваеннай дактрыны ў паўсядзённае жыцчё непаўналетніх, што наўпрост закранае міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. Згодна з міжнароднымі нормамі, адукацыя павінна рыхтаваць дзіця да свядомага жыцця ў вольным грамадстве ў духу міру і талерантнасці, таму прымусовае ці штучнае навязванне ваеннай тэматыкі парушае права дзіцяці на гарманічнае развіццё і бяспечнае адукацыйнае асяроддзе.
Псіхолагі адзначаюць, што падобныя “экскурсіі” уплываюць на падлеткаў негатыўна – яны сціраюць бар’ер успрымання вайны як трагедыі і прыводзіць да нармалізацыі вайны ў свядомасці непаўналетніх. Армейскае асяроддзе і тэхніка, здольная забраць чужыя жыцці, падаюцца дзецям як звычайная частка жыцця, што супярэчыць праву на выхаванне ў духу павагі да чалавечага жыцця і мірнага суіснавання.
Мілітарызацыя адукацыі і выхавання прадстаўляе армію як куззню гераізму, а ваенная прапаганда замяняе пашырэнне гістарычных ведаў. На фоне масавага закрыцця ў краіне незалежных маладзёжных, культурных і асветніцкіх арганізацый, міністэрствы абароны і ўнутраных спраў сталі манапалістамі ў сферы арганізацыі вольнага часу падлеткаў.
Варта заўважыць, што падобныя экскурсіі праходзяць на фоне агрэсіўнай дзяржаўнай рыторыкі пра знешнія пагрозы, і вайсковы палігон падаецца як увасабленне дзяржаўнай моцы. Такім чынам у школьнікаў фармуюць уражанне, што бяспека дзяржавы трымаецца выключна на ваеннай сіле, што цалкам парушае прынцыпы міжнароднага права, накіраваныя на развіццё дружалюбных адносін паміж народамі.
Варта прыгадаць, што якраз гэтымі днямі ў Лепельскім і Чашніцкім раёнах праходзяць вучэнні тэрытарыяльнай абароны. Таму гэты рэгіён аказаўся істотна пагружаны ў супольную мілітарызацыю перад уяўнымі знешнімі пагрозамі, якія часта згадвае дзяржаўная ідэалагічная рыторыка.
Алег Вярцінскі