Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 28 Верасень 2026

У Оршы малююць новы мурал з Караткевічам. На старым месцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёлета ўвесну падчас рамонту дома №2 па вул.Марата ў Оршы быў знішчаны мурал, намаляваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Тарцавая сцяна гэтага дома выходзіць на вуліцу імя пісьменніка-земляка/

І менавіта на ёй быў малюнак, зроблены аршанскім мастаком Дзмітрыем Талкачовым. Потым яго схавалі пад тэрмашубай, і факт знікнення ў горадзе цікавосткі, якую любілі і мясцовыя, і турысты, вельмі абурыў грамадскасць. Дарэчы, спонсарам стварэння мурала ў 2020-м годзе быў мецэнат Андрэй Балабін, які ў верасні 2018 года выкупіў  аршанскую хату Караткевічаў на той самай вуліцы, якая цяпер носіць ягонае імя. Там планавалі стварыць філіял музею ці іншую культурніцкую ўстанову, але і гэтая ініцыятыва цяпер аніяк не згадваецца. 

Цяпер  на той самай сцяне зноў будзе мурал з Караткевічам. Да 96-х угодкаў пісьменніка ( 26 лістапада) яго абяцае скончыць мастачка Любоў Рабека, якая супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем “Shakola art”. У гэтым мастацкім жанры яна працуе толькі другі год.

Партрэт Уладзіміра Караткевіча будзе каляровым і на фоне прыроды. Раней на мурале, апрача партрэта, былі малюнкі самога пісьменніка і цытаты з ягоных твораў. Радок “Быў.Ёсць.Буду.” вырашана пакінуць.

Юрка Стог