Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 08 Кастрычнік 2026

Палітэмігрантцы ў Нямеччыне пагражае дэпартацыя. А на радзіме - крыміналка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ураджэнка Паставаў Жанна Доўмант не змагла атрымаць міжнародную абарону ў Нямеччыне. Ёй выдадзена прадпісанне пакінуць краіну да 15 кастрычніка. Жанчына падавала дакументы на міжнародную абарону яшчэ ў 2021 годзе, і дагэтуль спадзяецца, што нямецкія службы яе пачуюць. Бо з тае пары ў яе лёсе шмат што змянілася, і далёка не на карысць вяртання ў Беларусь.


Жанна разам з мужам Генадзем Гутарам ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года. У пачатку 2021-га сям'я была вымушана пакінуць радзіму, спачатку яны з’ехалі ва Украіну, а затым у Нямеччыну. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Жанна актыўна дапамагае ўкраінскім бежанцам і працуе ў валанцёрскім цэнтры Space Eye.

“Калі мы прыехалі ў Нямеччыну, то падаліся на міжнародную абарону, далучыўшы дакументы, якія ў нас былі на той момант. У 2024 годзе майго мужа Генадзя Гутара асудзілі завочна да 2-х гадоў зняволення за ўдзел у адным з мірных сходаў у Мінску. Яго ўдзел даказалі з дапамогай фотаздымку, які знайшлі ў інтэрнэце. На ім была і я, але мяне дагэтуль не асудзілі.

У тым самым 2024 годзе мы атрымалі ў Нямеччыне адмову ў міжнароднай абароне і падалі апеляцыю, пачалі чакаць суду. Мой муж не дачакаўся: у 2025 годзе ён памёр ад анкалагічнай хваробы. Пасяджэнне адбылося толькі 6 чэрвеня 2026 года. Я на ім прысутнічаць не змагла, бо своечасова не атрымала позву. Даведалася толькі вынік – што мая апеляцыя адхілена. Спрабавалі яго аспрэчыць, абапіраючыся на тое, што я на судзе не змагла даць паказанні, але і гэта пад увагу не ўзялі”, - распавяла Жанна Доўмант.

Жанчына спадзяецца, што развязанне для яе сітуацыі ўсё-ткі знойдзецца. Яна хацела б застацца ў Нямеччыне, бо падвучыла мову, мае там працу. А ў Беларусі ў яе арыштавалі жытло, саму гаспадыню абвясцілі ў вышук, і ўвогуле перспектывы бязрадасныя: Жанне Доўмант 58 гадоў, у яе 2-я група інваліднасці, і яна абсалютна ўпэўнена ў тым, што на радзіме ёй пагражае небяспека. Хаця нямецкі суд лічыць, што гэта не так.

"Мы пісалі да Святланы Ціханоўскай, яна параіла звярнуцца ў арганізацыю "Разам". Скарыстацца гэтай парадай не атрымалася: адтуль адказалі, што пакуль арганізацыя не працуе, бо не мае фінансавання", — дадала спадарыня Жанна.

Нямецкія адвакаты, нанятыя за асабістыя сродкі, кажуць, што для станоўчага рашэння патрэбны афіцыйныя дакументы пра завочнае асуджэнне мужа. Але атрымаць іх з-за мяжы немагчыма, як і афіцыйныя доказы таго, што жанчыну абвясцілі ў вышук, і гэта палітычна матываваны пераслед. “Да справы Доўмант далучылася група праваабаронцаў «Вясны». Яны пачалі актыўную працу, каб дапамагчы жанчыне. Але пагроза высылкі застаецца”, - піша сайт “Берасцейская вясна”.

Лявон Калужны