Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 20 Кастрычнік 2020

У Віцебску за ўдзел у шэсці судзілі двух пенсіянераў. Справа развалілася

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Анатоль Мацьвееў (злева) і Аляксандр Нікіценка Анатоль Мацьвееў (злева) і Аляксандр Нікіценка

20 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску суддзя Міхаіл Юрчанка, вывучыўшы матэрыялы адміністрацыйных справаў сяброў-пенсіянераў Анатоля Мацьвеева і Аляксандра Нікіценкі, пастанавіў вярнуць матэрыялы ў РАУС для выпраўлення дапушчаных недахопаў.

11 кастрычніка сябры-дзядулі былі затрыманыя і абвінавачаныя ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці (ч.1, арт. 23 34 КаАП). Анатолю Мацьвееву 69 гадоў, ягонаму сябру Аляксандру Нікіценку – 79.

Падтрымаць у судзе прынцыповых і вельмі каларытных дзядуляў прыйшло каля паўсотні віцяблян. Дзяўчаты дарылі абвінавачаным пенсіянерам кветкі і выказвалі словы падтрымкі.

Згодна з пратаколам, складзеным лейтэнантам Мікітам Лабацкім, Анатоль Мацьвееў 11 кастрычніка ўзяў удзел у несанкцыянаваным шэсці ад дому №15 на праспекце Перамогі да дому №18 на праспекце Будаўнікоў. Але ж, як пераконваў суд Мацьвееў, каля дому №15 калона не рухалася, а дому №18 наагул не існуе ў прыродзе. Мацьвееў налічыў у пратаколе 5 памылак.

У нейкі момант судовага працэсу Анатоль Мацьвееў пакінуў судовую залу. Разам з ім выйшлі і некалькі слухачоў.

«Калі ў пратаколе пазначаны дом, якога няма ў горадзе, як можна разглядаць справу?.. Кажуць, што мы ішлі цэлую гадзіну, але ж мы гадзіну ніяк не маглі хадзіць, бо Нікіценка кульгае і не можа так доўга рухацца. Калона туды наагул не заходзіла! Калі з нашага боку было парушэнне грамадскага парадку – дык складзіце пратакол на месцы. Ёсць сведкі, апытайце іх», – абураўся Мацьвееў, выказваючы сваё меркаванне прыхільнікам, якія не здолелі патрапіць у малую судовую залю і тоўпіліся ў калідоры.

Пасля паўгадзіннага разгляду справы і зробленага перапынку суддзя Міхаіл Юрчанка ўгледзеў у пададзеных матэрыялах шэраг недахопаў, якія перашкаджаюць суду прыняць рашэнне, і адправіў справу на дапрацоўку. Аналагічная пастанова была вынесеная і ў дачыненні да адміністрацыйнай справы Аляксандра Нікіценкі.

Фота: Арцём Скуман

«Былі б усе такія, як гэтыя дзядулі, – і працы для адвакатаў не было б. У справе існуюць істотныя недапрацоўкі. У пратаколах маюцца скажэнні фактаў. РАУСы па-ранейшаму неахайна ставяцца да складання пратаколаў і астатніх матэрыялаў справы. Менавіта пад ціскам Анатоля Мацьвеева, які ўсё расклаў па паліцах, суду стала ясна, што справа падлягае вяртанню ў орган, які распачаў адміністрацыйны працэс», – выказала сваё меркаванне праваабаронца Ірына Траццякова.

С. Горкі