Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 22 Люты 2021

Прысуд у справе Кашаверавай не агучаны. З’явілася патрэба ў дадатковым вывучэнні матэрыялаў справы

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 22 лютага меўся агучыць прысуд у крымінальнай справе 22-гадовай Юліі Кашаверавай, абвінавачанай у злосным хуліганстве (ч.2 арт. 339 КК). Але нечакана суддзя Сяргей Будрэвіч прыняў рашэнне ўзнавіць судовае следства для больш дэталёвага вывучэння пэўных матэрыялаў справы. Наступнае паседжанне прызначанае на 23 лютага.

Юлію Кашавераву абвінавачваюць у тым, што яна падчас пратэставага шэсця 4 верасня ў Віцебску сарвала з міліцыянта кепку і маску, а таксама нанесла некалькі ўдараў нагой па міліцэйскім бусе. Абвінавачаная прызнала віну часткова (не прызнала, што зрывала кепку і маску і біла па бакавых дзвярах).

На судовым паседжанні 19 лютага пракурор Лабацкі прасіў суд пакараць Кашавераву пазбаўленнем волі на 6 гадоў.

22 лютага, у дзень, прызначаны для абвяшчэння прысуду, суддзя Сяргей Будрэвіч заявіў, што, «вывучыўшы матэрыялы справы, было вырашана больш фактурна даследаваць відэазапіс». Таксама пастанавіў «агучыць паказанні Кашаверавай, дадзеныя падчас папярэдняга расследавання, з нагоды наяўнасці істотных супярэчнасцяў».

Слуханні ў справе працягнуцца 23 лютага (пачатак у 10.10).

С. Горкі