Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 23 Лістапад 2023

За распаўсюд «экстрэмізму» ўлады пакаралі буйным штрафам віцебскага прадпрымальніка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебску Наталля Карабліна 26 кастрычніка за распаўсюд у мэсэнджэры публікацыі «экстрэмісцкага» зместу пакарала штрафам у памеры 1110 рублёў індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Канцавога.

У судзе Сяргей прызнаўся ў тым, што ён быў зарэгістраваны ў мэсэнджэры Тэлеграм і ў telegram-групе размясціў інфармацыйную прадукцыю суполак Белсат, Нехта, “Радыё Свабода”. Ён растлумачыў, што на момант размяшчэння гэтая інфармацыйная прадукцыя не з'яўлялася экстрэмісцкай і з-за гэтага своечасова яе не выдаліў.

Тым не менш, суддзя Карабліна палічыла, што прадпрымальнік учыніў правапарушэнне, прадугледжанае ч.2 арт.19.11 КаАП і пастанавіла аштрафаваць Канцавога ў даход дзяржавы на 30 базавых велічынь на суму 1 110 рублёў без канфіскацыі сродку ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння. Пры вынясенні пакарання суддзя ўлічыла, што на ўтрыманні "правапарушальніка" знаходзяцца трое дзяцей.

Раман Міронаў