Інфармацыя пра шумілінскага педафіла, які не толькі здзяйсняў над дзецьмі гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, але і здымаў гэта на відэакамеру, з'явілася ў СМІ прыкладна год таму, у пачатку сакавіка. Тады дзяржаўныя медыі паведамлялі пра 70 ахвяраў выхавацеля дашкольнай установы, але назву населенага пункта прыхоўвалі.
Пра беспрэцэдэнтны судовы працэс над гвалтаўніком малалетніх дзяцей з Шуміліна паведаміў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед падчас супольнага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Ён агучыў і назву дзіцячай дашкольнай установы, дзе працаваў выхавацелем мужчына, які распачаў злачынныя дзеянні ў дачыненні да выхаванцаў яшчэ ў 2007 годзе.
Здавалася б, гэтая справа мусіла стаць урокам для педагогаў райцэнтра і змусіць іх засяродзіцца на прафілактыцы падобных выпадкаў. Калі ж звярнуць увагу на сайт шумілінскага дзіцячага садка №1, то там і насамрэч ёсць інфармацыйныя матэрыялы пра тое, як абараніць дзіця ад педафілаў. Яны тычацца ў асноўным парадаў сачыць за тым, што дзіця глядзіць у інтэрнэце, а таксама перасцяражэнняў ад зносінаў з незнаёмымі людзьмі, якія могуць запрасіць у госці з небяспечнымі мэтамі. Аднак, як паказала практыка, больш уважліва трэба ставіцца не да чужых людзей, а да тых, хто знаходзіцца побач з дзіцем. І няблага было б культываваць шчыры давер у сям'і, каб дзеці не баяліся распавядаць бацькам пра сумнёўныя паводзіны дарослых.
Паводле генеральнага пракурора Андрэя Шведа, у мінулым годзе быў зафіксаваны істотны рост ( на 40% і болей) колькасці няпоўнагадовых, якія пацярпелі ад злачынстваў супраць полавай недатыкальнасці, у тым ліку згвалтаванняў і іншых гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару. І гэты рост не спыняецца : за мінулыя 10 гадоў колькасць сэксуальных злачынстваў супраць няпоўнагадовых вырасла ў 28 разоў – гэта быў вымушаны канстатаваць намеснік генеральнага пракурора РБ Аляксей Стук яшчэ па выніках 2022г.
Раіса Мельнікава