Імя і прозвішча 20-гадовага віцябляніна Арцёма Астратава (на фота) з’явілася на сайце МУС у пераліку асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, з пазнакай “судзімасць не пагашана”.
Асуджаны за “садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці” - выпускнік віцебскай школы №4. У малодшых класах ён быў удзельнікам алімпіяд па беларускай мове, пазней паглыблена вывучаў замежныя мовы, у старэйшых класах стаў пераможцам юрыдычнай алімпіяды, арганізаванай у Полацкім дзяржаўным універсітэце. У школьныя гады ў Арцёма Астратава неаднаразова бралі інтэрв’ю дзяржаўныя выданні, яго паказвалі па віцебскім тэлебачанні. Хлопец казаў, што марыць паступіць у віцебскі ўніверсітэт і стаць настаўнікам.
Але лёс склаўся іначай: хлопец стаў студэнтам юрыдычнага факультэта віцебскага МІТСО. Там ён заняўся навуковай дзейнасцю, і летась праца першакурсніка па канстытуцыйным праве атрымала ў конкурсе студэнцкіх работ другую катэгорыю.
У пералік “экстрэмістаў” на сайце МУС уключылі і 20-гадовага аршанскага хакеіста Матвея Сіняўскага. Паводле інфармацыі на гэтым рэсурсе, у яго таксама “судзімасць не пагашана”.
Матвей Сіняўскі вядомы як гулец хакейнай каманды “Лакаматыў-Орша”, выступаў пад нумарам 24, пазней – 67. У 2019 годзе хлопец выступаў за зборную Віцебскай вобласці «Северная столица». У інтэрнэце можна знайсці відэаролікі, як зусім яшчэ юны спартовец паспяхова забівае шайбы ў вароты супернікаў.
Таццяна Васьковіч