Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 13 Жнівень 2026

У абноўленым спісе "экстрэмісцкіх матэрыялаў" - кніга Севярынца і Instagram-акаўнт Наталлі Кукішавай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

“Экстрэмісцкім” прызнаны Instagram-акаўнт Наталлі Кукішавай – экс-палітзняволенай, якая жыве ў ЗША. Рашэнне пра гэта 11 жніўня прыняў суд Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. На інтэрнэт-рэсурс падпісаныя 159 чалавек. 13 жніўня яго ўключылі ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Тыдзень таму ў гэты ж спіс уключылі акаўнт Наталлі Кукішавай у  Threads, які на той момант меў усяго 14 падпісчыкаў. Рашэнне лічыць яго "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй" прыняў 31 ліпеня суд Шумілінскага раёна.

Куды больш папулярным з'яўляецца акаўнт Наталлі Кукішавай у TikTok, які прызнавалі "экстрэмісцкім" ужо двойчы.

Наталля Кукішава - ураджэнка Аршаншчыны. У жніўні 2022 г. суд Оршы і Аршанскага раёна пакараў жанчыну 2-ма гадамі калоніі за абразу Лукашэнкі. У 2021 г. жанчыну затрымалі па падазрэнні ў абразе дзяржаўнага служачага ў каментарах, пакінутых у сацсетках. Крымінальны пераслед тычыўся “справы Зельцэра” – інцыдэнта, калі ў верасні 2021 года ў кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра ламіліся сілавікі, і падчас перастрэлкі загінуў гаспадар і адзін з супрацоўнікаў КДБ. Але пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў СІЗА абвінавачанне Наталлі Кукішавай змянілі.

Яна адбыла прысуджаны тэрмін "ад званка да званка", а пазней з'ехала ў ЗША.

У “экстрэмісцкі” спіс уключылі кнігу Паўла Севярынца «Пакаленьне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970 – 1985 гг.»

Гэтая кніга наша земляка з Аршаншчыны, напісаная ў пачатку 2000-х стала дакументальна-публіцыстычным асэнсаванне феномену беларускай моладзі, чыё сталенне прыпала на рубеж тысячагоддзяў. У цэнтры ўвагі — маладыя людзі, якія прыйшлі ў беларускі нацыянальны рух у другой палове 1990-х гадоў і стварылі найбуйнейшую моладзевую арганізацыю таго часу — «Малады Фронт».
Павел Севярынец быў старшынём «Маладога Фронту» і быў непасрэдным удзельнікам і відавочцам усіх апісаных падзей.

12 жніўня 2026 года суд Заводскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу, выдадзеную ў папяровым выглядзе ў 2004 годзе. У 2011-м у інтэрнэце з'явілася электронная версія кнігі на сайце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат».

Сяргей Лаўроўскі