22.03.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 32 прозвішчы — цяпер у ім 3914 чалавек

22 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расіі Сяргея Калеснікава, грамадзянку Украіны Людмілу Ганчарэнка, інжынера Уладзіміра Фішмана.

У Гродне жорстка затрымалі мужчыну, які вярнуўся з Польшчы на радзіму

Сілавікі абвінавацілі яго ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманы — Павел Кебіч.

У Мінску затрыманы брат Дзяніса Урбановіча

Сілавікі затрымалі брата Дзяніса Урбановіча Максіма два дні таму, паведамляюць крыніцы @belsat.  Па іх інфармацыі, незадоўга да затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК прайшліся па сваяках Дзяніса Урбановіча. Супраць самога Дзяніса заведзена крымінальная справа. Яго абвесцілі ў вышук.

Пакуль Максім Урбановіч, знаходзіцца ў следчым ізалятары. Хутчэй за ўсё супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па трох артыкулах, але па якіх канкрэтна пакуль невядома. Сваякі не даюць ніякіх каментароў наконт гэтай сітуацыі.

У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — тэлеграм-чат «Здравый смысл на Алибегова»

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 18 сакавіка.

Паводле ведамства, дачыненне да чату маюць ягоная кіраўніца Ганна Краўчанка, а таксама ўдзельнікі і ўдзельніцы Аляксейчык, Бадрэнка, Емяльянаў, Жыльская, Зачапіла, Карліёнава, Ліхачэўская, Мышко, Нгуен, Прашчаева, Сашнікава, Сіленка, Фёдарава, Фяцісава, Хмялеўская, Шабашова, Шорахаў.

Чарговае папаўненне "Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў"

У яго трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Belarussische Diaspora in Ӧsterreich», «Беларуский OSINT Phoenix», «Моладзевы Наступ», «BY_UA политика: Беларусы в Украине», «Акции "УЛЬТИМАТУМ". Канал»;Instagram старонкі «bymedsol», «bg.live_365»;YouTube-канал «ОД СДЖ»;Сацсеткі «Aleh Auchynnikau»;Сайт «reform.bу»;Старонкі ў «Аднакласніках» «Алексей Блинников», «Амстердамкая паказуха»;TikTok-старонкі «onlynewsbelarus», «Harodzenski mapper», «prezident.sveta», «Дысідэнт BY», «Сэмэн Сэмэныч», «revolucioner», «Святая Лукер’я Рыгораўна».

Крыніца: Папаўненні ў спісах "экстрэмістаў" і "экстрэмісцкіх" фармаванняў: хроніка пераследу 21-22 сакавіка