29.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-29 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту быў затрыманы жыхар Жабінкі

dzmitryi-salaveika.jpg
Дзмітрый Салавейка

На "пакаяльным" відэа ад 29 сакавіка ён «"прызнаецца" ва ўдзеле ў акцыі, падпісках на "экстрэмісцкія рэсурсы", а таксама кажа, што трымаў дома нацыянальны сцяг.

Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Дзмітрый Салавейка.

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 3932 прозвішчы

29 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі былога вайскоўца Паўла Кучынскага, асуджанага за данаты Чэслава Канановіча, асуджаную паводле 5-ці арыткулаў Надзею Лапцёнак.

У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" артыкул у нямецкай газеце пра смерць Алеся Пушкіна

25 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" два артыкулы нямецкага штотыднёвіка Die Tageszeitung — "Братский народ" как пушечное мясо" (пра тое, ці вырашыць Лукашэнка ўводзіць войскі ва Украіну) і "Наш Пушкин" (пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна).

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:

У Рагачоўскім раёне быў затрыманы Іван Скуратовіч

ivan-skuratovicz.jpg
Іван Скуратовіч

Вядома, што затрыманне мужчыны адбылося 27 сакавіка раніцай. Прычына пераследу Івана і яго далейшы лёс высвятляюцца.

У Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Ніны Багінскай — яе будуць судзіць за нацыянальны сцяг

Ніна Багінская на мітынгу ў Слуцку 24 лістапада 2018 г.

Як паведамілі 28 сакавіка крыніцы "Белсат", яе адвезлі ў пастарунак і трымалі там да вечара.

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская мусіць з’явіцца ў суд Першамайскага раёну Мінску для разгляду адміністрацыйнага пратаколу за тое, што ў яе кватэры сілавікі знайшлі нацыянальны сцяг Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг быў на тумбачцы ў пакоі, дзе жыве Багінская.

МУС забараняе беларускія дыяспары — "Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы" прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем"

asacyjacyja-belarusau-u-amerycy.jpg

Рашэнне аб прызнанні "ABA Together (Association of Belarusians in America)" "экстрэмісцкім фармаваннем" было прынятае МУС 28 сакавіка.

Як паведамляецца ў сацсетках ініцыятывы, "агульнанацыянальная арганізацыя ABA аб’ядноўвае беларусаў ЗША. Мы — беларусы-амерыканцы рознага ўзросту, заняткаў і адукацыі, якія жывуць у розных штатах, але звязаны праз сваю беларускую спадчыну, і імкнуцца дапамагаць роднай краіне".

Сілавікі затрымалі жыхара Мінскай вобласці

Пра затрыманне стала вядома 28 сакавіка. 

Сцвярджаецца, што мужчына хацеў далучыцца да ўкраінскай арміі і спрабаваў нелегальна перайсці мяжу. Пасля няўдалай спробы ён нібыта напісаў начальніку Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылу Буданаву з просьбай дапамагчы трапіць ва Украіну, аднак той прапанаваў падарваць адміністрацыйны будынак ці чыгунку ў Беларусі.

Пасля гэтага беларус "патэлефанаваў у польскую амбасаду і сказаў, што гатовы служыць ва ўкраінскім войску" — на наступны дзень яго затрымалі.

ГУБАЗіК паведаміў аб затрыманні мужчыны, які наведваў суды і нібыта перадаваў інфармацыю праваабаронцам

Як паведамілі сілавікі 28 сакавіка, 40-гадовы жыхар Брэста "сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў. Далей гэтыя звесткі перадаваліся замежным куратарам для публікацыі на дэструктыўных інтэрнет-рэсурсах".

Следчымі распачата крымінальная справа за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Мужчына змешчаны ў следчы ізалятар

У Мінску супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы гісторык царквы Ілля Вішнеўскі

illja-viszneuski.jpg
Ілля Вішнеўскі

Іллю затрымалі 26 сакавіка.

Вішнеўскі — выпускнік магістратуры Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла і аспірантуры гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Цягам больш за 10 гадоў працуе ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца вядомым у Беларусі даследчыкам гісторыі канфесійных устаноў, аўтар шматлікіх публікацый аб дзейнасці абнаўленчай царквы ў БССР.

Апошнім часам быў адным з арганізатараў (разам з Мінскай духоўнай акадэміяй і інш.) і мадэратарам працы круглых сталоў па гісторыі рэлігійных супольнасцяў БССР у 1920—1930-я гг. (у т.л. па праблемах узаемадносін праваслаўнай царквы з савецкай дзяржавай і рэпрэсій сярод духавенства) на базе архіўных, адукацыйных і царкоўных устаноў.

На дадзены момант ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Прычыны затрымання і прад'яўленыя абвінавачванні невядомыя, паведаміла "Хрысціянская візія".

У Гомельскай вобласці затрымалі чатырох чалавек за "цынічныя каментары" пра тэракт у Расіі

Затрыманні адбыліся 27 сакавіка. Такімі каментарамі беларускія сілавікі палічылі меркаванні:

"Ва Украіне кожны дзень кучы нявінных мірных жыхароў гінуць ад абстрэлаў расейцамі гарадоў. Дзе жалобы? Ці ўсе настолькі крывадушнікі?";

"Чаму нічога не адмяняюць [мерапрыемствы], калі ва Украіне страляюць па жылых дамах і гінуць дарослыя і дзеці? Гэта, напэўна, іншае";

"Як яны змаглі тэлепартавацца ў ПЯТНІЦУ, калі пробкі з Масквы кіламетровыя на выезд у Бранскую вобл за 5 гадзін?!Ліха па вушах ездзяць, ды не стыковак шмат у людзей па гэтым сцэнары!".

Адзначым, што як мінімум першыя два каментары набралі дзясяткі "падабаек" ад іншых людзей у сацсетках.

За каментар пра тэракт у Расіі сілавікі затрымалі гродзенскага прадпрымальніка

Пра затрыманне стала вядома 27 сакавіка.

Мужчына пад навіной пра тэракт напісаў "все чаще в РФ прилетает ответка" — сілавікі палічылі гэта "здзекам над ахвярамі тэракту". Таксама затрыманага абвінавацілі ў абразах Лукашэнкі, сілавікоў і заклікаў да украінцаў бамбіць рускія гарады ў адказ.

Беларуса затрымалі за "негатыўны каментар" пра тэракт у Расіі — ён напісаў "Рязанский сахар"

raman-jakimjanok.jpg
Раман Якімянок

Пра гэта стала вядома 27 сакавіка з "пакаяльнага" відэа.

Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта дасылаў інфармацыю праекту Nexta.

Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", затрыманы — Раман Якімянок.

Крыніца: Затрыманне Ніны Багінскай на Дзень Волі, ціск на беларускія дыяспары: хроніка пераследу 27-29 сакавіка