21.05.2024 Тэгі: палітвязні, заявы, дзень палітвязняў Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Дзень палітвязняў

21 траўня ў трэцюю гадавіну гібелі палітвязня Вітольда Ашурка Праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадвае пра ахвяраў таталітарнага рэжыму — загінулых у няволі палітвязняў Мікалая Клімовіча, Аляксандра Кулініча, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько, іншых загінулых у час задушэння мірных пратэстаў і заяўляе:

Катаванні, у тым ліку пад выглядам дысцыплінарных пакаранняў і мер па падтрыманні парадку, у ізалятарах, калоніях і турмах павінны быць неадкладна і безумоўна спыненыя. У сувязі з гэтым мы заклікаем міжнародную супольнасць да прыняцця неадкладных адэкватных эфектыўных захадаў, што пакладуць канец гэтай ганебнай з'яве.

Мы паўтараем тэзіс беларускай праваабарончай супольнасці аб тым, што спыненне катаванняў, запалохвання, рэпрэсій і вызваленне палітвязняў з'яўляюцца безумоўнымі і неад'емнымі ўмовамі для пачатку любога сапраўднага палітычнага дыялогу, аднаўлення нацыянальнай згоды перад абліччам пагрозы страты беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту ў святле геапалітычных працэсаў апошніх гадоў.

Кожны дзень прамаруджання будзе не толькі прыносіць усё новыя ахвяры, але таксама далучаць новых і новых людзей, да гэтага часу не датычных да злачынстваў у дачыненні да беларускага народу, у іх здзяйсненне, аддаляючы перспектыву аднаўлення грамадзянскага міру, становячыся сапраўднай пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Мы, праваабаронцы "Вясны", па-ранейшаму, нягледзячы на адвольны пераслед, які пашыраецца — нашай арганізацыі і яе чальцоў, валанцёраў ды іншых беларускіх праваабаронцаў, будзем шукаць і знаходзіць усе магчымыя сродкі для падтрымкі ахвяр палітычна матываваных рэпрэсій. Наш голас у іх падтрымку і абарону, шматкроць узмоцнены падтрымкай калегаў-праваабаронцаў, будзе па-ранейшаму гучаць на ўсіх інфармацыйных і палітычных узроўнях. Мы будзем паслядоўна ісці да дасягнення адной са сваіх найважнейшых мэтаў — прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынстве супраць чалавечнасці, таму што менавіта беспакаранасць умацоўвае дыктатуры і падсілкоўвае іх падтрымку.

Мы заклікаем, нягледзячы на пагрозы рэжыму, не аслабляць салідарнасці з палітвязнямі і людзьмі, што адчуваюць на сабе ўсе віды палітычнага пераследу. Мы ўпэўненыя, што нягледзячы на рэпрэсіі, якія ўзмацняюцца, патэнцыял нябачнай для ўладаў узаемадапамогі і ўзаемнай падтрымкі яшчэ не вычарпаны.

Свабоду палітвязням!

Крыніца: Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Дзень палітвязняў