Станіслаў Паўлінковіч. Фота: mspring.online “Радыё Свабода” паведамляе, што 2 красавіка Ленінскі суд г. Магілёва аштрафаваў актывіста аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча на 5 базавых велічыняў па арт. 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

26 сакавіка актывіст атрымаў штраф памерам 2 базавыя велічыні за парушэнне правілаў дарожнага руху. Да гэтага ён двое сутак правёў пад арыштам.

Паводле словаў Станіслава Паўлінковіча, 24 сакавіка яго затрымалі каля дому амапаўцы. Яны прапанавалі яму праехаць у пастарунак для выствятлення асобы. Актывіст кажа, што не пярэчыў, але на яго склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Калі ў судзе Станіслаў Паўлінковіч папрасіў амапаўцаў Аляксандра ЯкушаваАляксея Герцава ды Віктара Мішчанку пацвердзіць іх сведчанні відэазапісам, аказалася, што відэафіксатар у міліцэйскай машыне адсутнічаў, таму і магчымасці прадаставіць відэазапіс няма. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што не маюць прычын агаворваць актывіста. Суддзя Алена Літвіна прызнала доказы дастатковымі для вынясення рашэння і аштрафавала актывіста на 5 базавых велічыняў.

Актывіст мае намер абскардзіць пастановы суда і ДАІ, у адпаведнасці з якімі ён атрымаў штрафы.

Крыніца: Станіслаў Паўлінковіч: "я не пярэчыў, але ў пастарунку склалі пратакол аб непадпарадкаванні"