23.04.2025 Тэгі: палітвязні, палітыка, салідарнасць, WeStandBYyou У межах кампаніі #WeStandBYyou Антаніна Нянашава ("Прагрэсіўныя", Латвія), Хельмут Брандштэтэр (Еўрапейскі парламент, "NEOS/Renew Europe", Аўстрыя) і Біл Кід ("Шатландская нацыянальная партыя", Шатландыя) стануць "хроснымі" Анастасіі Пакаташкінай, Аляксандра Ігнацюка і Надзеі Лапцёнак.
- Антаніна Нянашава
Анастасія Пакаташкіна — SEO-менеджарка. Яна была затрыманая паводле крымінальнай справы па абвінавачванні ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці (арт. 290.1 КК). Пазней справу перакваліфікавалі паводле артыкула 361.2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Судовае пасяджэнне было прызначана на 5 снежня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Дакладны прысуд невядомы. 23 лютага 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла яе ў так званы "спіс экстрэмістаў".
Антаніна Нянашава — прадстаўніца латвійскай партыі "Прагрэсіўныя". Яна другі раз выказвае падтрымку палітычным зняволеным у Беларусі, гэтым разам — у абарону Анастасіі, ды паказвае на палітычную матываванасць яе арышту:
"У Беларусі дагэтуль працягваюцца незаконныя пераследы. Анастасія Пакаташкіна — беларуская палітычная зняволеная. Яна была незаконна затрыманая паводле артыкула 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Яна не злачынца — яна тая, хто брала ўдзел у супраціве".
- Гельмут Брандштэтэр
Аляксандр Ігнацюк — журналіст-фрылансер. У канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў ён выдаваў незалежную рэгіянальную газету і быў яе галоўным рэдактарам. У 2003 годзе Ігнацюк быў асуджаны паводле артыкула 369, пасля чаго выхад газеты некалькі разоў прыпыняўся ўладамі, што прывяло да яе закрыцця. Затым Ігнацюк запусціў сайт, які працаваў да нядаўняга часу.
У ліпені 2023 года ён быў затрыманы паводле абвінавачвання па артыкуле 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 15 сакавіка 2024 года адбылося першае судовае разбіральніцтва паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "парушэнне грамадскага парадку" (арт. 342), "абраза Лукашэнкі" (арт. 368) і "вымагальніцтва" (арт. 208. 2). Прысуд быў абвешчаны 5 красавіка 2024 года — палітвязень быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму і штрафу. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 7 чэрвеня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла яго ў "спіс экстрэмістаў". Вядома, што блогер працуе ў калоніі сталяром і моцна схуднеў за час зняволення.
Гельмут Брандштэтэр — аўстрыйскі палітык і чалец Еўрапейскага парламента. Ён ужо другі раз становіцца "хросным" беларускага палітвязня. Прымаючы на сябе абавязкі "хроснага" Аляксандра, Еўрадэпутат заявіў:
"Рэжым у Беларусі саджае ў турму такіх журналістаў, як Аляксандр Ігнацюк, таму што баіцца праўды. Яго асуджэнне палітычна матываванае, яго адзінае "злачынства" — гэта журналісцкая праца. Я рашуча асуджаю гэтае самавольства і заклікаю да неадкладнага вызвалення Аляксандра. Нельга дазваляць такім дыктатарам, як Лукашэнка, прымушаць людзей замаўчаць — Еўропа павінна сачыць і дзейнічаць".
- Біл Кід
Надзеі Лапцёнак былі выстаўленыя абвінавачванні паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "распальванне варожасці" (арт. 130), "стварэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы" (арт. 361), "абраза прэзідэнта" (арт. 368), "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369), і "абраза суддзі" (арт. 391). Надзея была асуджаная да шасці гадоў пазбаўлення волі ды штрафу. Паводле прысуду, з ліпеня 2021 году па студзень 2023 году Надзея апублікавала прынамсі 3 033 паведамленні ды каментары ў Telegram-чатах, прызнаных рэжымам экстрэмісцкімі, дзе крытыкавала Лукашэнку, суддзяў і службовых асобаў рэжыму. У Надзеі ёсць дзве дарослыя дачкі і непаўналетні сын з інваліднасцю. 29 сакавіка 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла яе ў "спіс экстрэмістаў", а затым у "спіс тэрарыстаў".
Біл Кід ("Шатландская нацыянальная партыя") салідарны з Надзеяй Лапцёнак і як яе "хросны" заяўляе:
"Я рады далучыцца да кампаніі Libereco ў падтрымку беларускіх палітвязняў і падтрымаць Надзею Лапцёнак. Яе прысуд да шасці гадоў пазбаўлення волі — гэта дэманстрацыяй страху і нялюдскасці кіравання дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Я рады далучыцца да ўсіх іншых парламентарыяў па ўсёй Еўропе, якія заклікаюць да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, уключна з Надзеяй".
Крыніца: У беларускіх палітвязняў з'явіліся новыя "хросныя" з Латвіі, Аўстрыі ды Шатландыі