18.04.2025 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, пенітэнцыярная сістэма Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык нядаўна асудзілі па чарговай крымінальнай справе. Гэтым разам яе прызналі вінаватай паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначылі яшчэ паўтара года калоніі ў дадатак да васьмі гадоў зняволення. Калі быў вынесены прысуд, невядома, піша "Белсат". Вядома, што на судзе Алена адмовілася ад паслуг адваката.
Алена — ужо пятая жанчына, асуджаная паводле арт. 411 КК. Пасля таго, як прысуд набудзе моц, яе перавядуць у жаночую калонію строгага рэжыма № 24 у Зарэччы. Па сведчаннях былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай, у гомельскай калоніі № 4 Алена адседзела больш за 90 сутак у ШІЗА, больш за 60 дзён у ПКТ.
Нагадаем, у верасні 2022 года Лазарчык асудзілі да васьмі гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У калоніі ў жанчыны з'явіліся праблемы з зубамі, яна моцна схуднела. На волі ў Алены засталося маленькае дзіця, бацька якога памёр пакуль жанчына знаходзіцца ў зняволенні.
Паводле праваабаронцаў, раней за "парушэнні ўстаноўленнага парадку" палітзняволеную пазбавілі пасылак і перадач, спатканняў з роднымі, а таксама неаднаразова закідвалі ў штрафны ізалятар.
Крыніца: Палітзняволенай Алене Лазарчык дадалі яшчэ паўтара года зняволення