24.04.2025 Тэгі: ціск, умовы ўтрымання, заявы, рэпрэсіі, карная медыцына Незалежныя эксперты па правах чалавека выказалі моцную занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб тым, што беларускія крымінальныя суды практыкуюць адпраўку абвінавачаных на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне ў адплату за ажыццяўленне імі грамадзянскіх і палітычных правоў.
Эксперты папярэдзілі, што гэта вельмі неправамернае пакаранне можа быць прыраўнавана да бесчалавечнага або зневажаючага годнасць пакарання. На іх думку, мяркуючы з некаторых крымінальных абвінавачванняў, высунутых гэтым людзям, іх пераслед і змяшчэнне ў псіхіятрычныя лякарні, магчыма, з'яўляецца парушэннем грамадзянскіх і палітычных правоў — уключна з правам на свабоду меркаванняў ды іх выказванне і правам на свабоду мірных сходаў. Сярод такіх абвінавачванняў — удзел у акцыях пратэсту (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), абраза Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), тэрарызм (арт.289 Крымінальнага кодэкса) і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).
"У турме сядзець лягчэй"
Не менш за 33 чалавекі паводле палітычных матываў накіравалі на прымусовае лекаванне.
"Мы атрымалі паведамленні, што з пачатку палітычнага крызісу вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 году прынамсі 33 чалавекі, у тым ліку пяць жанчын, былі адпраўленыя на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне праз тое, што яны выказалі нязгоду з уладамі. Самаму сталаму чалавеку, якога перавялі на такое лекаванне, 77 гадоў, — паведамілі эксперты. — Прымусовае псіхіятрычнае лекаванне ўяўляе сабой пагрозу свабодзе перакананняў, паколькі лекавыя прэпараты ды электрычныя разрады могуць выкарыстоўвацца для кантролю або запаволення разумовых здольнасцяў. Прымусовае псіхіятрычнае лекаванне — гэта наўпроставы замах на свабоду меркавання, якая з'яўляецца абсалютным правам, што не падлягае абмежаванню ні ў якіх абставінах".
"Я, напэўна, проста памру тут"
Яны адзначылі, што працэс, які вядзе да пераводу на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне, не адрозніваецца празрыстасцю, і ёсць сур'ёзныя нагоды сумнявацца ў тым, ці матывуюцца такія пераводы медычнымі або палітычнымі меркаваннямі. Паводле атрыманых паведамленняў, судовыя працэсы, што завяршаюцца пераводам у псіхіятрычныя лякарні, адбываюцца за зачыненымі дзвярыма.
Эксперты таксама выказалі занепакоенасць лёсам тых, хто быў пераведзены на прымусовае лекаванне. Паводле паведамленняў, якія паступілі, гэтыя людзі ўтрымліваюцца ў псіхіятрычных лякарнях пад неабмежаванай уладай галоўнага лекара, без сувязі са знешнім светам. У адрозненне ад зняволеных у пенітэнцыярных установах, яны пазбаўленыя волі на нявызначаны тэрмін і не могуць прасіць аб памілаванні ці ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
"Паводле атрыманай інфармацыі, восем чалавек, пераведзеных на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне, былі вызваленыя. Не менш за 25 іншых застаюцца без сувязі са знешнім светам, і нічога не вядома пра іх лёс і месцазнаходжанне, што выклікае асцярогі аб іх магчымым гвалтоўным знікненні", – заявілі эксперты.
Эксперты нагадалі, што Працоўная група па адвольных затрыманнях у сваёй практыцы падкрэсліла, што недобраахвотнае псіхіятрычнае лекаванне людзей на падставе іх палітычных перакананняў або свабоды выказвання меркавання з'яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека і міжнароднага права. "Выкарыстанне псіхіятрычных устаноў у якасці інструмента рэпрэсій не толькі падрывае надзейнасць псіхіятрычнай дапамогі, але і разбурае асноўныя прынцыпы правасуддзя і вяршэнства права, – заявілі яны. — Ганебная практыка так званай карнай псіхіятрыі парушае недатыкальнасць чалавечай годнасці, замацаваную ў міжнародных дакументах па правах чалавека".
Эксперты звязаліся з урадам Беларусі па гэтым пытанні.
"Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна забяспечыць гэтым людзям доступ да адваката паводле іх выбару і даць ім эфектыўныя сродкі прававой абароны, з дапамогай якіх яны маглі б аспрэчыць сваё пазбаўленне волі", — заявілі яны.
Праваабаронцам "Вясны" вядома пра 33 асобаў, якіх накіравалі на прымусовае лекаванне паводле палітычных артыкулаў. Пры гэтым вядома аб вызваленні васьмі з іх. На гэты момант, паводле звестак праваабаронцаў, мінімум 23 чалавекі, прызнаныя палітвязнямі, праходзяць прымусовае лекаванне.