Алесь Капуцкі. Маладэчанскі праваабаронца Алесь Капуцкі накіраваў некаторым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў зварот аб праверцы адпаведнасці нарматыўных актаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія датычаць адабрання дзяцей у бацькоў.

У звароце, у прыватнасці, гаворыцца аб тым, што ў апошнія гады ў нашай краіне пачасціліся выпадкі адабрання ў бацькоў (аднаго з бацькоў) дзяцей па рашэнню пазасудовых органаў, і гэтаму спрыяе Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб сям’і і шлюбу, а таксама Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24.11.2006 г. “Аб дадатковых захадах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”. Праваабаронца мяркуе, што дадзеныя нарматыўныя акты супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, якую ратыфікавала наша краіна.

Так, ч.4 арт.32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кажа: “Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў”. Пра тое ж кажа і ч.1 арт.9 Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці: “Дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць, каб дзіцё не разлучалася са сваімі бацькамі насуперак іх жаданню, за выключэннем выпадкаў, калі кампетэнтныя органы, згодна з судовым рашэннем, вызначаюць у адпаведнасці з прымяняльным законам і працэдурамі, калі такое разлучэнне неабходнае ў найлепшых інтарэсах дзіцяці”.

Як бачна, і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Канвенцыя ААН у якасці органа , які правамоцны прыняць рашэнне аб адабранні дзіцяці ў бацькоў, указваюць толькі на судовы орган, як адзіны орган, які мае адпаведныя паўнамоцтвы.

“Нормы аб надзяленне іншых дзяржаўных органаў, акрамя суда, паўнамоцтвамі прымаць рашэнні аб адабранні дзіцяці ў сям'і (аднаго з бацькоў), якія замацаваныя ў Кодэксе аб шлюбе і сям'і, і ў Дэкрэце №18, супярэчаць норме Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая суадносіцца з арт.9 Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці і з'яўляюцца юрыдычна нікчэмнымі” – указвае ў звароце Алесь Капуцкі.

Таму праваабаронца і просіць дэпутатаў ініцыяваць у Палаце прадстаўнікоў прыняцце звароту ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы на адпаведнасць вышэйпрыведзеных нарматыўнах актаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Крыніца: Праваабаронца выступіў супраць незаконнага адабрання дзяцей у бацькоў