Праваабаронца Павел Левінаў Праваабаронца РПГА “БХК” на тэрыторыі Віцебскай вобласці Павал Левінаў накіраваў усім суддзям судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда асабістыя лісты, у якім заклікае адмовіцца ад вынясення смяротных прысудаў.

У лістах Павал Левінаў абгрунтоўвае такую неабходнасць, у тым ліку, судовымі памылкамі:

“Прайшлі дзесяцігоддзі, але да гэтага часу валасы ўстаюць дыбарам, калі ўяўляеш, што па справе віцебскага маньяка Міхасевіча судом нявінна былі асуджаныя 13 чалавек: аднаго паспелі расстраляць, трое адседзелі амаль па 10 гадоў, астатнія атрымалі тэрміны меншыя i таксама сядзелі...”

Праваабаронца нагадвае віцебскім суддзям пра вынесены імі 22 верасня 2017 смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Лётава. 29 траўня 2018 г. падчас разгляду скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава ў Вярхоўным судзе стала вядома пра выкананне смяротнага прысуду Віктара Лётава.

Павал Левінаў, растлумачваючы віцебскім суддзям неабходнасць адмовы ад смяротных прысудаў, падкрэслівае:

“Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакаранне для злачынца, якое служыць мэтам правасуддзя і годнага грамадства, дзе права на жыццё з'яўляецца абсалютнай каштоўнасцю. Смяротнае пакаранне расцэньваю як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека”.

У дадатак да лістоў праваабаронца даслаў суддзям брашуру «Непазбежнасць памылкі: адпраўленне правасуддзя ў выпадках смяротнага пакарання» і бюлетэнь «Прычыны адмяніць смяротнае пакаранне».

Крыніца: Павал Левінаў заклікаў суддзяў адмовіцца ад вынясення смяротных прысудаў