Праваабаронца Алег Мацкевіч Пасля затрымання супрацоўнікамі ДАІ 25 сакавіка гэтага году падчас паездкі ў Мінск на аўтамабіле праваабаронца Алег Мацкевіч падаў скаргі пракурору Барысаўскага раёну і начальніку Барысаўскага раённага аддзелу Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. У скаргах ён прасіў правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці свайго затрымання цягам амаль 6 гадзінаў у будынку Барысаўскага РУУС з мэтай “зверыць сапраўднасць VIN-коду аўтамабіля”, на якім ехаў з дачкой. Па словах супрацоўнікаў ДАІ яны мелі падазрэнні ў тым, што VIN-код аўтамабіля перароблены.

Па выніках праверкі тэхнічнага стану аўтамабіля супрацоўнікі ДАІ у той дзень заявілі, што агляд машыны неабходна правесці эксперту і следчаму, якія былі выкліканы ў РУУС. Пасля іх прыезду ў адносінах да правабаронцы праводзіліся працэсуальныя дзеянні ў адпаведнасці з нормамі КПК Рэспублікі Беларусь. Былі праведзены агляд аўтамабіля экспертам і прадстаўніком Следчага камітэту, складзены пратакол агляду месца здарэння, складзены пратакол атрымання тлумачэнняў, узята распіска-забавязанне не змяняць аўтамабіль з прычыны неабходнасці правесці тэхнічную экспертызу.

Скарга праваабаронцы з раённага аддзелу СК была перанакіравана для адказу па сутнасці ў Барысаўскі РУУС, а пракуратура на скаргу ўвогуле не адказала. Праз некаторы час начальнік упраўлення Барысаўскага РУУС палкоўнік міліцыі Д. Ліннік паведаміў, што тэрмін разгляду скаргі падоўжаны да двух месяцаў “у сувязі з правядзеннем аўтатэхнічнай экспертызы”. І вось нядаўна Д. Ліннік даслаў канчатковы адказ, у якім сказана, што “праверка праведзена”, а “ў дзеяннях супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС парушэнняў дзеючага заканадаўства не бачыцца”.

У сувязі з гэтым Алег Мацкевіч накіраваў у адрас начальніка ўпраўлення Барысаўскага РУУС заяву, у якой просіць у адпаведнасці з ч. 3 арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь прадставіць магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па заяве аб злачынстве ад 25.03.2018 г., якая праводзілася ў адносінах да яго.

Правабаронца лічыць, што дзеянні супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС і раённага аддзелу Следчага камітэту з’яўляліся незаконнымі, безпадстаўнымі, а таксама нанеслі шкоду яго законным правам і інтарэсам.

Яшчэ раней праваабаронца накіраваў паведамленні аб парушэнні Республікай Беларусь міжнародных забавязанняў у галіне абароны правоў чалавека спэцдакладчыку па пытанню аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі сп. Міклашу Харасці, спэцдакладчыку па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў сп. Мішэлю Форсту, у працоўную групу па адвольных затрыманнях.

Крыніца: Праваабаронца знаёміцца з матэрыяламі праверкі па заяве аб злачынстве, па якой яго затрымалі 25 сакавіка