Суд па пазове лекара Таццяны Фесікавай у Берасці 25 чэрвеня. Фота: Радыё Рацыя. Суд Маскоўскага раёна Берасця вынесе 27 чэрвеня рашэнне па справе лекара-неўролага Цэнтральнай гарадской бальніцы Таццяны Фесікавай. Таццяна лічыць, што яе звальненне звязана з выступам аб шкодзе свінца на мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведамляе “Берасцейская Вясна”, у першы дзень судовага паседжання па разглядзе скаргі лекара, яна патлумачыла суду:

“Я працавала 16 год лекарам, накіроўвала сваю дзейнасць на ўдасканаленне прафесійных якасцяў, ніколі не мела скаргаў з боку пацыентаў і кіраўнікоў па месцы працы. 28 красавіка  была ў графіку дзяжурстваў, 29 красавіка я выступіла на мітынгу, на наступны дзень кіраўнік пазваніла і сказала, што я магу на працу не выходзіць. А 2 траўня мне паведамілі, што трэба сустрэцца з глаўурачом Сяргеем Коўшыкам. Падчас размовы апошні паведаміў, што заканчвае са мной працоўныя адносіны праз званок ад "бальшога" чалавека. Я перакананая, што мае звальненне звязана з маім выступам на мітынгу супраць будовы акумулятарнага завода".

  Адказчыкам з’яўляецца Цэнтральная гарадская бальніца (ЦГБ).

 “Фесікава парушэнняў па працы не дапускала. Падчас гутаркі з галоўрачом, ей прапанавалі поўную стаўку, яна адмовілася. На момант звальнення працавала 6 лекараў з неабходных 8,75", - заявіла прадстаўніца ЦГБ.

 Адвакат пазаўніка прапанавала наймальніку пайсці на міравую і прыняць Фесікаву на сталую працу на 0,5 стаўкі. Аднак адказчык адмовіўся, матывуючы: “Каб лекары больш зараблялі...”

Суддзя Таццяна Ласковіч  пасля допыту сведак абвесціла перапынак да 27 чэрвеня, тады і буддзе вынесена рашэнне.

Крыніца: Лекарку звольнілі за ўдзел у дазволеным уладамі мітынгу. Чый бок сёння возьме суд?