Апошні даклад, падрыхтаваны Майна Кіяі ў якасці спецдакладчыка па свабодзе мірных сходаў і асацыяцыі, на 35-й сесіі Савета па правах чалавека ААН у чэрвені будзе прадстаўляць яго пераемніца Аналіза Чампі (Італія). Даклад прысвечаны ролі грамадзянскай супольнасці ў змене грамадства да лепшага.

Ці зрабіла грамадзянская супольнасць свет лепшым? Дзе і калі грамадзянская супольнасць мела канкрэтныя і бачныя дасягненні? Якім бы выглядаў свет без грамадзянскай супольнасці? Гэта асноўныя пытанні, да якіх Спецыяльны дакладчык па правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, Майна Кіаі, звяртаецца ў сваім апошнім тэматычным дакладзе Савета па правах чалавека ААН. “Уявіце сабе свет без гарамадзянскай супольнасці”, - піша ён. “Гэты свет змрочны”.

За шэсць гадоў на пасадзе спецдакладчыка сп. Кіаі падрыхтаваў шэсць дакладаў Савету па правах чалавека і чатыры - Генеральнай Асамблеі ААН. У іх разглядаюцца эфектыўныя метады прасоўвання права на мірныя сходы і асацыяцыю, права грамадзянскай супольнасці на доступ да фінансавання, пагрозы ў дачыненні да ўразлівых групаў, права на сходы і асацыяцыю ў кантэксце прыродных рэсурсаў, пытанні фундаменталізму, пазітыўнага ўнёску грамадзянскай супольнасці, а таксама праблемы, датычныя выбараў і працоўных правоў. Таксама ён, разам з былым Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб пазасудовых і адвольных пакараннях смерцю Крыстафам Хэйнзам, з'яўляецца сааўтарам даклада, у якім даюцца практычныя рэкамендацыі па кіраванні сходамі.

У межах свайго мандата спецдакладчык таксама апублікаваў шэраг дадатковых матэрыялаў, у тым ліку інфармацыйныя бюлетэні, штогадовыя справаздачы, плакаты, а таксама анлайн зборнік прававых аргументаў для выкарыстання ў судовых справах, звязаных з свабодай сходаў і асацыяцыі. Зборнік з’яўляецца працягам праекта, у межах якога сп. Кіяі выступаў у шэрагу працэсаў, звязаных з правамі на сходы і асацыяцыю ва ўсім свеце.

Падчас сваёй працы Майна Кіяі наведаў з афіцыйным візітам восем краінаў: Грузію, Вялікабрытанію (двойчы), Руанду, Аман, Казахстан, Чылі, Рэспубліку Карэю і Злучаныя Штаты Амерыкі. Па стане на 30 красавіка яшчэ 10 запрашэнняў знаходзіліся на разглядзе спецдакладчыка. Сярод краінаў, якія яго запрасілі, ёсць Азербайджан, Кыргызстан, Венгрыя, Туніс.

Беларусь жа значыцца ў групе тых краінаў, якім спецдакладчык накіроўваў запыт на наведванне. Да афіцыйнага Мінска сп. Кіяі з такім запытам звяртаўся двойчы - у 2011 і 2013 гадах, аднак не атрымаў запрашэння ў краіну. Тым часам камунікацыю са спецдакладчыкам актыўна падтрымлівалі праваабарончыя арганізацыі, інфармуючы пра факты парушэнняў свабоды мірных сходаў і асацыяцый у краіне. Апошняе такое паведамленне Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіроўвалі спецдакладчыку напрыканцы сакавіка і датычылася яно затрымання назіральнікаў, праваабаронцаў і журналістаў у офісе “Вясны” ў Дзень Волі. Майна Кіяі тады падтрымаў заяву спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці з нагоды ўзнаўлення ўладамі масавых рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, журналістаў і палітычных апанентаў.

Развітальны постэр Майна Кіаі
Развітальны постэр Майна Кіаі: "Нарэшце, скончылася - цяпер я магу выходзіць і пратэставаць?"

Працу ў якасці спецдакладчыка ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцыі сп. Кіяі завяршыў 30 красавіка, паўнамоцтвы яго пераемніцы спн. Чампі ўступілі ў сілу 1 траўня.

У адкрытым лісце, апублікаваным 1 траўня, былы спецдакладчык падзякаваў усім, хто спрычыніўся да працы мандата.

“Менавіта вашая праца, дапамога і адданасць дазволілі зрабіць так шмат у першыя шэсць гадоў існавання мандата”, — напісаў ён у сваім лісце. “Вашыя намаганні сапраўды зрабілі мандат пасрэднікам народа, які ён павінен прадстаўляць”.

“Я вельмі добра ведаю, што цяпер прыйшлі асабліва цяжкія часы для тых з нас, хто працуе ў галіне правоў чалавека. Калі гэта можа быць суцяшэннем, ведайце, што вы не самотныя. І ведайце, што, хаця я больш і не з’яўляюся спецдакладчыкам, я не пакідаю наша змагання. Наадварот, я буду разам з вамі — на нашых акцыях пратэсту, у нашым грамадстве, у калідорах улады. Убачымся на вуліцах”.

Нагадаем, мандат гэтага тэматычнага спецдакладчыка быў створаны Саветам па правах чалавека ў верасні 2010 года і двойчы падаўжаўся ў 2013-м і 2016 годзе. Пры стварэнні мандата ў 2010 годзе Савет прызнаў, што права на свабоду сходаў і асацыяцыі з'яўляецца важным кампанентам дэмакратыі, і заклікаў дзяржавы выконваць і ў поўнай меры абараняць права ўсіх людзей збірацца мірна і свабодна ўтвараць асацыяцыі.

Крыніца: “Убачымся на вуліцах”. Майна Кіяі завяршыў працу на пасадзе спецдакладчыка ААН