Старшыня "Моладзі БНФ" Дзяніс Мандзік Старшыня "Моладзі БНФ" Дзяніс Мандзік пры дапамозе праваабаронцаў “Вясны” накіраваў скаргу ў Пракуратуру Цэнтральнага раёна г. Мінска на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Як распавёў актывіст, пасля затрымання каля будунку Генеральнага штаба 16 кастрычніка ён быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС г.Мінска, дзе на яго склалі пратакол, правялі асабісты дагляд, дактыласкапіравалі і сфатаграфавалі. Вечарам таго ж дня яго і іншых удзельнікаў пікета даставілі ў Цэнтр ізаляцыі праванарушальнікаў. Адметна, што пры этапаванні на Дзяніса Мандзіка былі надзетыя кайданкі.

“На мае просьбы расслабіць кайданкі супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі”, - адзначыў хлопец.

На наступную раніцу Дзяніса Мандзіка двойчы этапавалі ізноў у кайданках – спачатку з ЦІПа ў РУУС, а потым з РУУСа ў суд Цэнтральнага раёна.

“Пры дастаўленні ў памяшканне суда Цэнтральнага р-на г. Мінска ўсіх адміністратыўна затрыманых змацавалі паміж сабой кайданкамі і ў такім выглядзе выводзілі з машыны ў будынак суда”, - указвае актывіст у сваёй заяве ў пракуратуру.

Дзяніс Мядзік упэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія б маглі паслужыць падставай для прымянення да яго спецсродкаў супрацоўнікамі міліцыі, ні ён, ні іншыя затрыманыя не здзяйснялі.

“Лічу, што сваімі дзеяннямі супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РУУС г. Мінска перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, дапусцілі ў дачыненне да мяне і іншых затрыманых жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якое прычыняла мне фізычныя пакуты, абражала маю чалавечую годнасць”, - канстатуе актывіст і просіць пракуратуру правесці праверку і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, да адказнасці.

Праваабаронцы “Вясны” падкрэсліваюць, што згодна з Законам “Аб органах унутраных спраў” спецыяльныя сродкі (кайданкі, гумавыя палкі, сродкі звазвання, спецыяльныя хімічныя рэчывы ды інш.) прымяняюцца ў скрайніх выпадках: затрымання і дастаўлення ў органы ўнутраных спраў падазраваных (абвінавачаных) у здзяйсненні злачынстваў, асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністратыўны працэс, калі яны аказваюць непадпарадкаванне ці супраціў, а таксама канваіравання і ўтрымання асобаў, якія падвергунтыя адміністратыўнаму арышту, дэпартацыі ці высылцы, асобаў затрыманых па непасрэдна ўзнікшаму падозранню ў здзяйсненні злачынства, асобаў заключаных пад варту, калі яны аказваюць недпарадкаванне ці супраціў альбо маюцца падставы меркаваць, што яны могуць здейсніць уцёкі альбо прычыніць шкоду акружаючым ці сабе.

“У дадзеным выпадку ніякіх абазначаных у законе выпадкаў не было, і таму супрацоўнікі міліцыі не павінны былі прымяняць гэтыя спецсродкі.

Такое абыходжанне мы расцэньваем як жорсткае і бесчалавечнае, прыніжаючае чалавечую годнасць, якое у тым ліку забароненае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Канвенцыяй ААН аб недапушчэнні катаванняў і іншага жорсткага і бесчалавечага абыходжання, ратыфікаваных Рэспубліка Беларусь”, - упэўнены юрыст Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, 16 кастрычніка непадалёку ад будынку Генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь актывісты праводзілі пікет супраць дзедаўшчыны ў арміі ў межах новай грамадскай кампаніі "Білет на той свет".  Пікет доўжыўся літаральна некалькі секундаў і быў спынены супрацоўнікамі АМАПу.

Удзельнікаў пікету Дзяніса Мандзіка, Ганну Смілевіч і Арсенія Дзядка затрымалі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі пратаколы правапарушэння. Арсенія Дзядка неўзабаве вызвалілі, а астатніх змясцілі ў ЦІП.

Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакараў Ганну Смілевіч штрафам у памеры 25 базавых велічынь за парушэнне арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а Дзяніса Мандзіка - штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Крыніца: Дзяніс Мандзік: “На мае просьбы расслабіць кайданкі супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі” Відэа