Блогер Сяргей Пятрухін і праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля суда. Разгляд адміністрацыйнай справы Сяргея Пятрухіна перанесены на 31 кастрычніка. Берасцейскі блогер хадайнічаў перад судом аб азнаямленні з матэрыяламі справы.

26 кастрычніка блогера Сяргея Пятрухіна выклікалі ў міліцыю на 16 гадзін. З пастарунку ён так і ня выйшаў, а выходныя правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Сёння ў судзе Ленінскага раёна Берасця пачаўся суд над Пятрухіным, якога вінавацяць у парушэнні ч.3 арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Аднак сам блогер нават ня ведае, калі складаўся пратакол і за якую акцыю яго хочуць пакараць. Таму і заявіў хадайніцтва на азнаямленне з матэрыяламі справы і на допуск у працэс адваката.

Суддзя Аляксандар Семянчук хадайніцтва задаволіў і прызначыў разгляд справы на 14-20 31 кастрычніка.

26 кастрычніка ў міліцыю таксама выклікалі блогера Аляксандра Кабанава і праваабаронцу Рамана Кісляка, аднак яны туды не з'явіліся.

Крыніца: Разгляд адміністрацыйнай справы блогера Пятрухіна перанесены на 31 кастрычніка