Будынак РАУС Ленінскага раёна Брэста. Фота ПЦ "Вясна" Як стала вядома ПЦ "Вясна", затрыманых у апошнія дні актывістаў-праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце будут судзіць у Ленінскім РАУСе.

Справы будзе разглядаць суддзя Аляксандр Семянюк, які дагэтага пачаў разглядаць справу брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна

Затрыманыя ў пятніцу: Дзяніс Малышэнка, Зміцер Андрасюк, Дзям'ян Лепясевіч, Уладзімер Казлоўскі, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка, Уладзімір Вялічкін, Уладзіслаў Абрамовіч, Кацярына Басаргіна, Алег Вялаў.

Затрыманыя ў нядзелю: Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Бекалюк, Алесь Абляк, Ягор Кандрацюк, Таццяна Фесікава, Віталь Казак, Віктар Сэндэр, Мікалай Трацюк.

Аляксандра Кабанава і Зміцера Андрасюка адпусцілі праз тры гадзіны пасля затрымання. Ноччу была адпушчаная і Кацярына Басаргіна.

З РАУС выйшла Таццяна Фесікава, у дачыненні да яе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП ("удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве") за 31 сакавіка. Жанчыну вінавацяць у тым, што яна раздавала жоўтыя шарыкі з пратэстным заклікам.

"Брэсцкая міліцыя лічыць слова "жыць" лагатыпам пратэстнага руху супраць будаўніцтва завода", - адзначыла Таццяна Фесікава. 

Разгляд справы перанесены на 10 гадзін раніцы 25 красавіка па хадайніцтву аб удзелу абаронцы на працэсе.

"Парасюк (нейкі міліцыянт) выйшаў і сказаў каму павыпісваць павесткі", - распавяла жанчына. 

Каля РАУС сабралася невялікая группа падтрымкі. 

Стала вядома, што ўчорашнія затрыманні праводзіў міліцыянер Мікалай Самасюк.

З РАУСа выйшаў праваабронца Уладзімір Малей. Ён чакаў у файе, спрабаваў патрапіць на разгляды спраў. Але туды нікога не пускаюць. Супрацоўнікі РАУС паведамілі, што ім паступіў загад не пускаць нікога, прадстаўнікам СМІ прапанавалі звярнуцца ў прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама. 

Выйшаў яшчэ адзін затрыманы Алег Вялаў. Кажа, што ўсіх вінавацяць у адным і тым жа. Яму таксама выдалі павестку на 25 красавіка. 

"У адвакаце мне адмовілі. Правы не тлумачылі. Міліцыянт крычаў на мяне", - распавёў мужчына. 

Наступным выйшаў Дзям'ян Лепясевіч:

"Яны робяць беззаконне. Вывелі з камеры ў актавую залу. Устаў Семянчук і сказаў, што судовы працэс пачынаецца. Я падпісваў адзін пратакол, а ўручылі мне іншы... З тым, што інкрымінуюць, я не згодны.

Гэта сітуацыя падобная з Асвенцыма. Нас гэтак жа сабралі ўсіх у пятніцу. Выклікалі па адным і чалавек больш не вяртаўся. Мы прасілі, каб хаця б жанчын адпусцілі, але нам было адмоўлена. Самасюк пры гэтым ўсміхаўся.

Лічу, што да мяне былі ўжытыя катаванні".

Зноў у суд Дзям'яна Лепясевіча вызываюць 18 красавіка.

Выйшаў праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін. Ён кажа, што Алесю Абляку стала дрэнна цяпер, але хуткую яму міліцыянеры не выклікаюць. Ён мае інваліднасць.

uladimi_vialichkin_br.jpg
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін

Суд над Уладзімірам Вялічкіным адбудзецца 18 красавіка ў 10.35. 

Наступнымі адпусцілі Дзяніса Малышэнка і Уладзіміра Казлоўскага. Казлоўскаму таксама далі позву аб пераносе разгляда справы на 18 красавіка. Ён кажа, што нават за кратамі ім удалося пакарміць галубоў - прылетаў на вакно. 

malyshenko.jpg
Дзяніс Малышэнка

Уладзімір Казлоўскі распавядае, што судзя аб'яўляе, што "пачынаецца адкрытае судовае разбіральніцтва", аднак у на працэс па-ранейшаму нікога не дапускаюць.

"Фактычна мае месца закрыты судовы працэс. Акрамя таго, што ўрэшце людзей, нават журналістаў, перасталі пускаць на тэрыторыю РУУС, у тых, хто паспеў патрапіць туды раней, перапісалі асабістыя дадзеныя і ўручылі павесткі з'явіцца ў РУУС. Тыя, хто атрымаў такія павесткі ў пятніцу - правялі трое сутак у ІЧУ. Гэта можна разглядаць як запужванне", - каментуе сітуацыю юрыст ПЦ "Вясна" Алег Пашкевіч.

Алега Ярмоленку суд аштрафаваў на 30 базавых велічынь. 

У актавай зале РАУС засталося тры чалавекі - Андрасюк, Свірскі, Абрамовіч. Пад РАУСам іх чакае группа падтрымкі з кавай, гарбатай і ежай - каля 15 чалавек. 

Выйшаў Зміцер Андрасюк. Суд над ім перанесены на 18 красавіка таксама па яго хадайніцтве аб удзеле абаронцы ў працэсе. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у нядзельнай акцыі 7 красавіка. 

Людміле Карчэўскай, якая зайшла ў РАУС, выпісалі позву на пятніцу. 

kracheuskaia.jpg
Людміла Карчэўская чытае сваю позву

З будынку РАУС выйшлі Уладзіслаў Абрамовіч і Сяргей Свірскі. Суд разгледзіць справы супраць іх 18 красавіка.

kazlouski_abramovich_svirski.jpg
Уладзімір Казлоўскі, Уладзіслаў Абрамовіч і Сяргей Свірскі

Тых, каго затрымалі ў нядзелю, пакуль не судзілі і не адпусцілі. Вядома, што разгляд справы супраць Дзмітрыя Бекалюка адбудзецца ў 14.30. 

Выпусцілі Ягора Кандрацюка, у яго суд адбудзецца 25 красавіка. Учора яго затрымалі за тое, што ён крыкнуў: "За што мы плацім падаткі?!" 

Пасля 14 гадзінаў дня выпусцілі ўсіх, хто быў затрыманы ў нядзелю, акрамя Дзмітрыя Бекалюка. Судовыя працэсы ў дачыненні да іх перанесеныя на іншыя дні. 

Мікалаю Трацюку суд прызначыў пакаранне ў выглядзе 10 базавых велічынь штрафу. 

Сёння ў 15.00 працягнецца разгляд крымінальнай справы супраць Сяргея Пятрухіна. 

Справу ў дачыненні да Дзмітрыя Бекалюка разглядае ўсё той жа суддзя - Аляксандр Семянчук. Працэс праходзіць ужо ў будынку суда. Мужчыну вінавацяць у тым, што ён прыйшоў у РАУС не ў той час, які быў пазначаны ў позве. 

Участковы Дзяніс Шумакоў сведчыць, што калі ён праглядаў відэазапісы па Таццяне Фесікавай, убачыў Бекалюка і папрасіў выклікаць яго ў якасці сведкі на 7 красавіка ў 12 гадзінаў, аднак мужчына прыйшоў толькі ў 15 гадзін. Яго апыталі ў якасці сведкі. Затрымалі па арт. 24.6 КаАП.

Дзмітрый Бекалюк заявіў, што ў карэнчыку позвы была пазначаная паважная прычына спазнення - хвароба дзяцей. 

bekaluk_dmitrij.jpg
Дзмітрый Бекалюк у судзе

"Я лічу, што не парушаў закон. У мяне была паважная прычына спазніцца на тры гадзіны. Але я прыйшоў сам", - сказаў ён. 

Аднак суддзя палічыў яго віну даказанай і, не выходзячы із залы, вынес пастанову аб прыцягненні Дзмітрыя Бекалюка да штрафу ў 1 базавую велічыню. 

Акрамя таго, сёння ў 15.00 пачнецца адміністрацыйны працэс па справе Кацярыны Басаргінай. Маму дваіх дзяцей таксама затрымалі ў пятніцу і, нягледзячы на дапамогу адваката, зачынілі ў ізалятары. Праўда, у ноч з суботы на нядзелю адпусцілі з позвай на 15 красавіка.

Нагадаем, кожную нядзелю больш за год на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца людзі на ўжо традыцыйнае “кармленне галубоў” - акцыю ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Крыніца: Брэст: Актывістаў судзяць у РАУС Фота Відэа Дапоўнена