Пасяджэнне па фармаванні Брэсцкай абласной выбарчай камісіі У Брэсце другога верасня сфармавалі абласную і акруговыя выбарчыя камісіі. Сюрпрызаў не адбылося: прадстаўнікі дэмакратычных структур апынуліся за бартом выбарчых камісій. Акрамя прадстаўнікоў "Справядлівага Свету".

На супольнае пасяджэнне Брэсцкага аблвыканкама і Прэзідыўма Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў па фармаванні абласной выбарчай камісіі змаглі патрапіць усяго некалькі чалавек: прэтэндэнты ў сябры камісій і кіраўніцтва некаторых партый і арганізацый, што вылучалі прэтэндэнтаў. Звычайных выбаршчыкаў і блогераў ахова не пусціла ў будынак аблвыканкама, тлумачачы гэта тым, што іх “у спісах няма".

У склад абласной камісіі (ТВК) не ўключылі прадстаўніка Руху "За Свабоду" Сяргея Вакуленку, бо не мелі дастаткова інфармацыі пра ягоныя дзелавыя якасці і арганізатарскія здольнасі. Па той жа прычыне (недастаткова інфармацыі) у камісію не быў уключана сябра “Гавары Праўду" Анхеля Бланко. З апазіцыйных прэтэндэнтаў была ўключана толькі Волкава М.А. ад Беларускай партыі левых "Справядлівы Свет" (ужо была ў камісіі ў 2012 годзе).

У параўнанні з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў 2016 года склад абласной камісіі мала змяніўся. У 2016 годзе ў кіраўніцтве абласной камісіі намеснікам старшыні была Наталля Грыгор’ева, сакратаркай – Алена Шамкуць. Гэтым разам гэтыя сама асобы ізноў уключаныя ў склад камісіі, да іх далучыўся Аляксандар Каляда, які раней працаваў у выканкаме і стала займаўся выбарамі, нават быў сябрам ЦВК.

Варта адзначыць, што напярэдадні паседжання па фармаванні абласной камісіі дзевяць жыхароў Берасцейшчыны звярнуліся ў аблвыканкам з просбай не ўключаць у склад камісіі 13 грамадзян, якія фальсіфікавалі выбары ў 2006 годзе. Сярод гэтых 13 былі прозвішчы Грыкор’евай, Шамкуць і Каляды. Аднак як бачым, заява ніяк не змяніла сітуацыю.

У склад абласной камісіі і АВК№1 збольшага былі ўключаныя “правераныя” на ранейшых выбарах людзі, большая палова з іх дзеючыя ці былыя работнікі аблвыканкама і адміністрацый горада. Шляхі вылучэння - ад праўладных грамадзкіх арганізацый, “Партыі працы і справядлівасці”, ад грамадзян.

Праваабаронцу Раману Кісляку, які з’яўляецца сябрам Руху “За свабоду”, адмовілі ва ўключэнні ў склад акруговай камісіі №1 Брэста. Падстава тая ж: няма дастатковай інфармацыі аб ягоных дзелавых якасцях. Раман Кісляк назваўся "праваабаронцам", але чыноўнікі выканкаму адказалі, што не ведаюць такога статуса, і праз гэта лічаць, што ён падаў недаставерныя дадзеныя. Затое ў гэтую камісію трапіў А.Ф. Дзенісенка ад Беларускай партыі левых "Справядлівы Свет".

На папярэдніх парламенцкіх выбарах у кіраўніцтве АВК 1 старшынём была Тамара Наўмовец, намеснікам Людзміла Капусціна, сакратаром Таццяна Вайцекенес. Гэтым разам гэтыя сама асобы ізноў уключаныя ў склад АВК 1.

У акруговаў выбарчай камісіі №2 сітуацыя аналагічная: асобы, якія былі ў кіраўніцтве камісіі ў 2016 годзе зноў былі ўключаны ў склад камісіі. Старшыня – Галіна Янголенка, сакратарка – Інна Акімава.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.

Крыніца: Чыноўнікі не ўключылі Рамана Кісляка ў акруговую камісію, бо не ведаюць статуса “праваабаронца”