Павел Севярынец. Фота:bchd.info Палітык і былы палітычны зняволены Павел Севярынец выказаў сайту palitviazni.info сваё стаўленне да таго, што праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Шаўрова палітвязнем.

18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна Мінска Следчага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронцы прызналі Піліпа Шаўрова палітвязнем.

– Гэта вельмі своечасовае і правільнае рашэнне, – кажа Павел Севярынец. – У выпадку з Піліпам Шаўровым патрэбна кампанія ў яго абарону. Зразумела, што беларускі рэжым махнуў рукой і на еўрапейцаў, і на так званы перадвыбарчы год і зрабіў усё, каб у краіне, можна сказаць, на пустым месцы з’явіўся яшчэ адзін палітвязень.

Пафарбаваць рукі помніку, выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю – гэта максімум цягне на адміністрацыйнае пакаранне.

Тым больш, ведаючы Піліпа, які неаднаразова прымаў удзел у акцыях у абарону незалежнасці, магу сказаць, што гэта хлопец, які аддасць жыццё за Радзіму. А зараз яго саджаюць у турму за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Я, напрыклад, не чуў, каб кагосьці адпраўлялі за краты за тое, што той размаляваў сцяну ў пад’ездзе ці напісаў непрыстойныя словы на плоце. Дзе хоць адна справа? Максімум, што робяць у такіх выпадках – ЖЭС зафарбуе непрыстойнасці.

Такіх людзей, як Піліп Шаўроў, нармальная дзяржава павінна падтрымліваць, а ў нас наадварот – кідаюць за краты. Таму вітаю рашэнне беларускіх праваабаронцаў прызнаць Піліпа Шаўрова палітвязнем, зараз пра яго будзем распавядаць на міжнародным узроўні.

– Чаму ў апошні час у краіне ўсё больш з’яўляецца палітвязняў?

– Беларуская ўлада рыхтуецца да так званых прэзідэнцкіх выбараў, а таму зараз выбіраюцца паказальныя ахвяры.

Напрыклад, мы ўбачылі надзвычай жорсткі прысуд анархістам Івану Комару і Мікіце Емельянаву. Першапачаткова ім далі амаль столькі, колькі за забойства. Зразумела, што гэта быў дэманстратыўны працэс і прысуд, каб запалохаць моладзь і рашучых людзей.

Тое самае і з Піліпам Шаўровым. На жаль, яго абралі паказальнай ахвярай, каб застрашыць актыўную моладзь.

Патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня Піліпа Шаўрова

Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем спынення крымінальнага пераследу Піліпа Шаўрова па арт. 339 КК з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

Крыніца: Павел Севярынец: Вельмі своечасова прызналі Паўла Шаўрова палітвязнем