Анлайн-сустрэча са спецдакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў. Скрыншот зроблены Мэцью Джонсам (Human Rights House Foundation) 29 красавіка адбылася анлайн-сустрэча са спецыяльным дакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцый Клеманам Ньялетсосі Вулем, арганізаваная Фондам Дамоў правоў чалавека.

У ёй прымалі ўдзел праваабаронцы з 14 краінаў, дзе дзейнічаюць Дамы правоў чалавека. Беларусь прадстаўляла праваабаронца “Вясны” і экспертка па свабодзе мірных сходаў Наталля Сацункевіч.

Удзельнікі сустрэчы рэфлексавалі над ключавымі прынцыпамі ад Спецдакладчыка, выкладзенымі ім у звязку з абмежаваннем правоў чалавека падчас пандеміі COVID-19, а таксама дзяліліся бягучай сітуацыяй у сваіх краінах, выпрацоўвалі рэкамендацыі па свабодзе сходаў і асацыяцый.

Наталля Сацункевіч распавяла пра агульную сітуацыю са свабодай сходаў у Беларусі і пра тыя новаўвядзенні, якія былі зробленыя ў сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі. Так, праваабаронца адзначыла, што за 2019 год за рэалізацыю права на мірныя сходы, свабоду выказвання меркавання на вулічных акцыях адміністрацыйнаму пераследу з боку ўладаў было падвергнута не менш за 150 чалавек, зафіксавана не менш за 230 выпадкаў рэпрэсій, у тым ліку 13 адміністрацыйных арыштаў. Наталля Сацункевіч засяродзіла ўвагу прысутных удзельнікаў і на тым, што на працягу апошніх двух год кожную нядзелю ў Брэсці актывісты выходзяць на мірны пратэст супраць будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода. За гэты час да пратэстоўцаў неаднойчы ўжываліся затрыманні, арышты, крымінальны пераслед і іншыя віды запуджванняў і рэпрэсіў, а прама зараз тры актыўныя ўдзельнікі арыштаваныя на 15 сутак і знаходзяцца ў ІЧУ. Падобная сітуацыя складваецца і ў Светлагорску, дзе таксама людзі змагаюцца за права на чыстае асяроддзе.

Цікава, што хоць надзвычайнае становішча ў Беларусі не абвешчана і ніякіх іншых каранцінных мераў уладамі не прымаецца, аднак было уведзена патрабаванне аб самаізаляцыі для асобных катэгорый грамадзянаў, якія хварэюць у лёгкай ступені на каранавірус ці з’яўляюцца "кантакнымі асобамі". Такіх людзей правяраюць медыкі і міліцыянеры, а калі выяўляюцца выпадкі парушэння рэжыму самаізаляцыі – прыцягваюць да вялізных адмінстрацыйных штрафаў. Праваабаронцам вядома пра не менш як 200 выпадкаў адміністрацыйнага пераследу на такой падставе.

Наталля Сацункевіч асобна спынілася на пытанне свабоды сходаў падчас прэзідэнскіх выбараў, якія павінны адбыцца ў Беларусі не пазней за 30 жніўня.

“Правядзенне агітацыйнай кампаніі ва ўмовы пандэміі моцна абмежавана. Фактычна, кандыдаты, якія будуць адказна ставіцца да мераў па нераспаўсюджванні каранавіруса, будуць абмежаваныя ў правах на правядзенне агітацыі ў звыклых формах. Верагодна, дзяржаве варта прадумаць і прапанаваць кампенсацыйныя механізмы - напрыклад, прадастаўлення бясплатнага часу на дзяржаўным тэлебачанні”, – адзначыла праваабаронца.

Падчас сустрэчы праваабронцы з розных краінаў пагадзіліся, што пандэмія – гэта выклік для любой дэмакратыі, і асаблівую ўвагу трэба звяртаць на правы найбольш уразлівых групаў. Калі ж дзяржавы прымаюць абмежавальныя меры, ім неабходна супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасці і даваць магчымасць людзям адрэагаваць на такія меры, у тым ліку праз права на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў.

Крыніца: "Пандэмія – гэта выклік для любой дэмакратыі". Праваабаронцы абмеркавалі свабоду сходаў са спецдакладчыкам ААН