У панядзелак, 11 траўня, пачынаюцца суды над затрыманымі на выходных і ў пятніцу актывістамі і журналістамі. Усіх затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сярод тых, над кім чакаюцца суды ў Магілёве, — праваабаронца "Вясны" Аляксандр Буракоў, блогер Міхаіл Аршынскі, журналістБелаПАН Алесь Асіпцоў, грамадскія актывісты Андрэй Бодзілеў і Станіслаў Паўлінковіч і іншыя.  У суд Ленінскага раёна г. Магілёва прывезлі праваабаронцу і журналіста "Вясны" Аляксандра Буракова. На яго складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Як распавёў Аляксандр Буракоў, у пратаколе супрацоўнікі міліцыі пазначылі толькі адзін радок, што ён ўдзельнічаў у акцыі каля ІЧУ. Хаця, як настойвае праваабаронца, удзел у акцыі ён не прымаў. Ён не згодны з абвіначваннямі. Адміністрацыйную справу праваабаронцы прызначаны разглядаць суддзя Шведаў.

burakou_sud_1.jpg
Аляксандр Буракоў пад судом. Фота Алеся Сабалеўскага з фэйсбука

У суд даставілі таксама падпісанта "Краіны для жыцця" Уладзіміра Барэйшу. Яго, як Аляксандра Буракова і Станіслава Паўлінковіча, затрымалі ў пятніцу. На ІЧУ іх прывезлі пасля адбою.

Сітуацыю ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва манітораць праваабаронцы "Вясны" Барыс Бухель і Аляксей Колчын.

Інфармацыя дапаўняецца.

Поўны спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Ціханоўскага і іншых актывістаў

Восьмага траўня ў Беларусі працягваюцца затрыманні і выклікі ў міліцыю прыхільнікаў затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама тых, хто пачаў выходзіць па нядзелях на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і карміць галубоў у знак салідарнасці з экалагічнымі актывістамі Брэста. Затрыманні не спыніліся і 9 траўня - людзей забіраюць з дамоў ці спыняюць па дарозе ў Бабруйск, дзе запланавана правядзенне "Антыпараду".

Крыніца: У Магілёве пачынаюцца суды над затрыманымі актывістамі і журналістамі