Уладзімір Вялічкін. Фота: ПЦ "Вясна" (2019 год) У Брэсце працягваюцца суды над праціўнікамі завода АКБ, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу на акцыю па "кармленні галубоў". Таксама сёння, 12 траўня, мусяць судзіць праваабаронцаў Рамана Кісляка і Уладзміра Вялічкіна. Абодва былі затрыманы 10 траўня пасля нядзельнай акцыі, і пра іх месцазнаходжанне не было дакладна вядома больш за суткі. Жонка праваабаронцы "Вясны" Маргарыта Вялічкіна звярнулася ў пракуратуру з заявай аб знікненні чалавека. Тое самае зрабіла і маці Рамана Кісляка.

Ранкам 12 траўня Рамана Кісляка, Уладзіміра Вялічкіна, а таскма затрыманага тады ж актывіста прафсаюза РЭП Валера Фамінскага прывезлі ў суд Ленінскага раёна.

Вядома, што працэс над Фамінскім перанеслі на 18 траўня, і яго зноў затрымалі прама судзе. Там же быў затрыманы актывіст Юрый Калько, у якога напярэдадні ўжо быў суд і ён атрымаў 40 базавых велічынь штрафу за парушэнне артыкулаў 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі). 

Пасля 14.00 мусіць адбыцца працяг суда над Уладзімірам Марозам, Віталём Казаком, Уладзімірам Дземенціюком. Напярэдадні штраф у 30 базавых атрымалі Дзяніс Малышэнка і Алег Вялаў. Вялаў пасля суда на волі, а вось Малышэнку адразу затрымалі. Міліцыянты сказалі, што нібыта павезлі ў РАУС складаць новы пратакол. Пазней высветлілася, што яго, які і іншых актывістаў, зноў адвезлі ў ізалятар.

Суды над актывістамі праходзяць на Берасцейшчыне, у Лідзе, Мазыры і Жлобіне

11 траўня па ўсёй краіне праходзяць суды над удзельнікамі акцый па “кармленні галубоў” ці сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. У 12 гарадах краіны судзяць актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і простых удзельнікаў сустрэч каналу “Краіна для жыцця”.

Інфармацыя будзе дапаўняцца. 

Крыніца: Другі дзень судоў у Брэсце. Мусяць судзіць праваабаронцаў Уладзіміра Вялічкіна і Рамана Кісляка