Ілюстрацыя Марфы Рабковай ад Amnesty International Стала вядома, што тэрмін утрымання пад вартай палітзняволенай Марфы Рабковай працягнуты яшчэ на тры месяцы — да 17 верасня. Такім чынам, да гэтага часу яна правядзе ў зняволенні ўжо год.

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны", праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. Пазней Вадзима адпусцілі. 

Марфе Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Па гэтым артыкуле ёй і было прад'яўлена абвінавачванне. 11 лютага Марфе прад'явілі новыя абвінавачванні па ч.3 арт.130 КК і ч.2 арт. 285 КК. Цяпер Марфе пагражае да 12 год пазбаўлення волі.

Марфа піша з-за кратаў, што імкнецца бачыць добрае ва ўсім. Вось некаторыя цытаты з яе лістоў:

????Вядома, я адчуваю падтрымку, без яе ў мяне б не было столькі аптымізму і веры, што ўсё скончыцца добра. Людзі пішуць такія шчырыя і цёплыя словы ў лістах, што чытаеш іх і слёзы на вачах наварочваюцца;

????Перажываючы сваё заключэнне з кожным днём я ўсё больш і больш люблю Беларусь, наш народ, нашу прыроду, гісторыю і культуру;

????Што я зраблю перш за ўсё, калі выйду — абдыму Вадзіма, патэлефаную бацькам, паеду дадому, з'ем яечню, памыюся ў ванне, вазьму квіток у Гомель і паеду абдымаць бацькоў;

????Сніцца мне рознае — бацькі, дом у Добрушы, бабуля, Вадзім, часта сняцца кацяняты;

????Падтрымліваю аптымізм і ў суседках, імкнуся бачыць добрае ва ўсім.

Заклікаем падтрымаць нашу каляжанку Марфу лістамі салідарнасці!

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Голас Марфы ў падкасце "Вясна прыйдзе"

У 16-м выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" мы пачуем і голас Марфы — з тых інтэрв'ю, якія яна паспела даць да свайго зняволення. Гэта дапаможа нам пазнаёміцца бліжэй з тым, чым яна займалася ў рамках сваёй праваабарончай дзейнасці — за што цяпер яе спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Крыніца: Тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцы Марфе Рабковай працягнулі яшчэ на тры месяцы