Цягам 2023 году землякоў «вучылі жыццю» падпалкоўнік у адстаўцы Грыгорый Русіновіч, кіраўнік раённай арганізацыі ГА "Белорусский союз офицеров", чалец гэтай арганізацыі, маёр Сяргей Дубкоў -- былы супрацоўнік Расонскага РАУС, падпалкоўнік Віктар Вашчанка, які служыў у МУС СССР, і Уладзімір Сакалоў – маёр МУС Расейскай Федэрацыі. На думку рэдакцыі, гэтыя людзі «ведаюць крыху болей за шэраговага чалавека, уважліва сочаць за абстаноўкай у краіне і ў свеце і гатовыя абмяркоўваць важныя грамадска-палітычныя падзеі».
"Нам не нужна западная демократия. Спасибо. Наелись", «Польша тонет. Почему власти потратили все деньги на Украину, а про свой народ забыли», «Позиция выражается бюллетенем», «Всебелорусское народное собрание: для чего оно нам всем нужно» - гэта назвы некаторых тэмаў, якія абмяркоўвалі адстаўнікі. Разважанні людзей з вельмі спецыфічным жыццёвым і прафесійным досведам пра сучасную палітыку асаблівай цікаўнасцю ў мясцовых жыхароў не карысталіся. Напрыклад, гутарка пра апошнія прэзідэнцкія выбары набрала ўсяго 320 праглядаў за тыдзень.
Скончылася ўсё заканамерна: пасля 25 студзеня 2025 года пад банэрам ідэалагічнага праекта за цэлы год не выйшла ніводнай новай гутаркі з адстаўнікамі. Праект “Слово офицера” быў чарговай ідэалагічнай задачай, пра выкананне якой паспяхова адрапартавалі і гэтак жа паспяхова забыліся.
Ірына Грамыка