УНС – гэта страхоўка ад змены дзяржаўнага курса, калі раптам здарыцца «пераварот», лічыць маёр у адстаўцы Сяргей Дубкоў, былы эксперт-крыміналіст Расонскага РАУС.
«А чаму ён мусіць здарыцца? Хіба ў нас не моцная ўлада?» -- не разумее пасыла суразмоўцы падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Вашчанка, які ў часы СССР служыў ва ўнутраных войсках.
Рэдактрарка «раёнкі» лічыць за лепшае ўмяшацца і скарэктаваць накірунак гутаркі: «Паглядзіце, як атрымалася ва Украіне. Людзі, здавалася б, выбралі чалавека з народа, спадзеючыся, што ён адбудуе нармальныя стасункі з суседзямі. А атрымалася зусім наадварот. Аляксандр Лукашэнка часта паўтарае, што патрэбны моцны тыл. Дзе гарантыі, што да ўлады не прыйдзе чалавек, які пачне прадаваць, здаваць краіну? Або да ўлады прыйдзе нацыяналіст? У такіх выпадках УНС мае паўнамоцтвы зняць такога прэзідэнта або паўздзейнічаць на ягоныя паводзіны. Гэта такая дадатковая гарантыя нашай стабільнасці».
Аднак пераключыць увагу ветэранаў не так проста, тым больш, яны пачулі пра Ўкраіну, пра Лукашэнку, і хочуць паразмаўляць пра гэта. Гэта ж не нейкі абстрактны УНС.
«Ва Ўкраіне і да апошняга прэзідэнта хапала клоунаў. А наш прэзідэнт сам усё зробіць, без усялякага УНС. Як зрабіў гэта ў 2020-м, калі выйшаў з аўтаматам бараніць краіну. Так болей нідзе не зрабіў ніводзін прэзідэнт. Называйце яго як хочаце, хоць царом! Я лічу, што ў краіне павінна быць моцная прэзідэнцкая ўлада. Хоць манархія», -- заяўляе адстаўны маёр Віктар Вашчанка.
«Улада мусіць быць моцнай, але не жорсткай», - слаба парыруе былы маёр МУС Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сакалоў.
«Задача ўлады – не забяспечыць рай, а не дапусціць пекла!» -- працягвае Віктар Вашчанка.
«У гэтым і ёсць сутнасць УНС», -- Алена Кірылава зноўку спрабуе вярнуць гаворку ў зададзенае рэчышча.
«Зараз узровень даверу да прэзідэнта максімальна высокі. Але трэба думаць пра будучыню. Таму Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад пра стварэнне УНС», -- паддаецца Сакалоў...
Далей гутарка нагадвае пераказ метадычкі: чацверты ўдзельнік гутаркі, падпалкоўнік у адстаўцы, кіраўнік раённай арганізацыі «Беларускага саюза афіцэраў Грыгорый Русіновіч, распавядае суразмоўцам пра народаўладдзе, стратэгічныя накірункі, трывалы канстытуцыйны лад і пераемнасць пакаленняў.
«400 человек из 1200 прадстаўляюць ва УНС грамадзянскую супольнасць. Добрая лічба! Гэта дае магчымасць зразумець, чаго хоча асноўная маса людзей, чаго ім бракуе. У краіне жыве 9 мільёнаў чалавек, кожнага не пачуеш, а дэлегаты распавядуць ад іх імя, куды рухацца далей», -- з вуснаў Русіновіча нарэшце гучаць словы, дзеля якіх і распачыналася гэтая ветэранская дыскусія.
Уражанне яна пакідае вельмі своеасаблівае. Немаладыя людзі з адпаведным жыццёвым і прафесійным досведам гатовыя разважаць палітычныя тэмы хіба што на ўзроўні простага абывацеля. Ім цяжка справіцца з пастаўленымі рэдакцыяй ідэалагічнымі задачамі.
«Памятаеце, як раней камуністычная партыя дысцыплінавала і накіроўвала? Калі УНС будзе выконваць такія самыя функцыі, я буду ўсцешаны», -- завяршае гутарку Віктар Вашчанка.
Ніяк «не цягнуць» расонскія ветэраны МУС на адмыслоўцаў у галіне сацыялогіі ці паліталогіі. Напэўна, рэдактарцы «раёнкі» было б прасцей напісаць «дзяжурны артыкул» пра Ўсебеларускі народны сход, чым звяртацца па дапамогу да такіх «экспертаў».
Роберт Сухаў