Друкаваць гэтую старонку
Серада, 18 Сакавік 2026

Ужо больш за 20 000 падпісчыкаў у TikTok былой палітзняволенай з Воршы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Стаматолаг з Воршы Наталля Кукішава, якая была затрыманая па так званай “справе Зельцэра”, а пасля асуджаная за абразу Лукашэнкі, пераехала ў ЗША і вядзе адтуль TikTok-акаўнт.

 У ім былая палітзняволеная расказвае пра сваю справу - ад затрымання да парушэнняў яе правоў падчас следства і знаходжання за кратамі, а таксама ўвогуле пра жыццё ў Беларусі і парушэнні правоў грамадзян краіны. Разам з тым яна адказвае і на пытанні падпісчыкаў.

 Акаўнт Наталлі Кукішавай у TikTok з такой палітычнай тэматыкай набраў ужо больш за 20 000 падпісчыкаў. Дарэчы, беларускія ўлады нядаўна прызналі яго «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэнне 9 лютага 2025 года прыняў суд Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. 17 лютага яе акаўнт Natalia быў уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

 Нагадаем, Наталля Кукішава - ураджэнка Аршаншчыны, яна працавала фельчарам стаматалагічнага аддзялення паліклінікі № 2 Оршы.  Была атрыманая па справе Зельцэра (за каментары), у далейшым артыкул быў перакваліфікаваны. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна пакінула каментар, які  "прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць асобы" Аляксандра Лукашэнкі ў суполках "Типичная Беларусь" і "Чай з малінавым варэннем" у мэсэнджары Telegram.

17 жніўня 2022 года ў судзе Аршанскага раёна і горада Оршы Віцебскай вобласці яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Наталля цалкам адбыла тэрмін, прызначаны судом.

Зарына Весялуха