Пракуратура і суд у Браславе прадэманстравалі сваё незадавальненне тым, што беларусы ў Літве застаюцца беларусамі. Паводле рашэння суда Браслаўскага раёна ад 12 лютага ў "экстрэмісцкі" спіс на сайце Мінстэрства інфармацыі ўключылі Telegram-канал "Беларуская афiша", які мае 1279 падпісчыкаў. На ім размяшчаюцца анонсы кульурніцкіх падзей ў Вільні, якія ладзяцца з удзелам беларусаў і для беларусаў.
«Экстрэмісцкім» абвясцілі акаўнт экс-палітзняволенай Наталлі Кукішавай у TikTok. Адпаведнае рашэнне 9 лютага прыняў суд Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. 17 лютага акаўнт Natalia быў уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Наталля Кукішава - ураджэнка Аршаншчыны, яна працавала фельчарам стаматалагічнага аддзялення паліклінікі № 2 Оршы. У 2021 г. жанчыну затрымалі па падазрэнні ў абразе дзяржаўнага служачага ў каментарах, пакінутых у сацсетках. Крымінальны пераслед тычыўся “справы Зельцэра” – інцыдэнта, калі ў верасні 2021 года ў кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра ламіліся сілавікі, і падчас перастрэлкі загінуў гаспадар і адзін з супрацоўнікаў КДБ. Але пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў СІЗА абвінавачанне Наталлі Кукішавай змянілі. У жніўні 2022 г. суд Оршы і Аршанскага раёна пакараў жанчыну 2-ма гадамі калоніі за абразу Лукашэнкі. Яна адбыла гэты тэрмін "ад званка да званка", а пазней з'ехала ў ЗША.
Там яна і завяла акаўнт у TikTok, на якім разважае пра сучасную палітыку Беларусі, распавядае пра жахлівыя ўмовы ўтрымання ў жаночай калоніі. Адзін з апошніх ролікаў прысвечаны абвяшчэнню 2026-га года “Годам жанчыны” у той час, як у беларускіх турмах зняволеныя жанчыны ўсіх узростаў мусяць трываць сапраўдныя здзекі.
Алег Ванееў