Серада, 16 Верасень 2026

На волі - палітзняволеная Яна Пінчук, якую асудзілі за мадэраванне віцебскіх Telegram-каналаў у 2020-м

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

16 верасня Яну Пінчук вызвалілі з Гомельскай калоніі №4 пасля перамоваў паміж спецпасланікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам і Аляксандрам Лукашэнкам. 6 чэрвеня 2023 года палітзняволенай Яне Пінчук 12 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму.

Яе абвінавацілі паводле артыкулаў аб удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (частка 1 артыкула 361-1 КК), дзеяннях супраць нацбяспекі (частка 3 артыкула 361 КК), распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК), удзеле ў масавых беспарадках (частка 3 артыкула 293 КК) і стварэнні «тэрарыстычнай арганізацыі» альбо ўдзеле ў ёй (частка 1 артыкула 290-4 КК). Паводле версіі следства, яна кіравала трыма «экстрэмісцкімі» Telegram-каналамі: «Витебск 97%», «Орша 97%» и «Новополоцк и Полоцк 97%».

Яна Пінчук нарадзілася ў 1997 годзе ў Віцебску. У 2018 годзе пераехала ў Маскву, дзе займалася праектаваннем металаканструкцый для нацяжных столяў. Пазней перайшла працаваць афіцыянткай, бо там зарабляла больш. Калі падчас пандэміі рэстараны закрыліся, вярнулася да праектавання. Пасля пачатку пратэстаў у Беларусі Пінчук дапамагала затрыманым і іх блізкім. Таксама была ўдзельніцай чата «Віцебск 97%». Пры гэтым у Беларусь падчас пратэстаў яна прыязджала толькі на некалькі дзён, каб наведаць маці.

Расійскія сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру ў Санкт-Пецярбургу, дзе Яна жыла са сваім хлопцам Мікітам 1 лістапада 2021 года. Сілавікоў найперш цікавіў яе тэлефон. Пасля ператрусу Пінчук арыштавалі па запыце беларускіх уладаў аб экстрадыцыі. Дзяўчына падала заяву на атрыманне статусу бежанца ў Расіі, аднак ёй адмовілі.

Знаходзячыся пад вартай, Яна выйшла замуж за Мікіту. Адвакаты Пінчук тым часам спрабавалі праз суд не дапусціць яе выдачы ў Беларусь. Яшчэ да разгляду пытання аб экстрадыцыі Еўрапейскі суд па правах чалавека запатрабаваў прыпыніць выдачу. Аднак у пачатку чэрвеня 2022 года пецярбургскі суд дазволіў выдаць Пінчук у Беларусь, спаслаўшыся на тое, што прадпісанне ЕСПЧ было вынесена ўжо пасля выхаду Расіі з Рады Еўропы.

Камітэт па правах чалавека ААН таксама заклікаў Расію прыпыніць экстрадыцыю Пінчук да разгляду яе скаргі. Аднак 9 жніўня 2022 года Яну Пінчук урэшце экстрадавалі ў Беларусь.

Суд над палітзняволенай пачаўся 10 красавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Яне выставілі абвінавачанні паводле пяці крымінальных артыкулаў. 6 чэрвеня 2023 года Пінчук прысудзілі 12 гадоў калоніі.  У лістападзе 2023 года дзяўчыну ўключылі ў спіс "тэрарыстаў" і пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

Алег Паўлоўскі