Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 12 Чэрвень 2026

Рамонт дома, на якім быў мурал з Караткевічам, скончаны. Малюнак не аднавілі і нават не абяцаюць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падчас рамонту дома №2 па вул.Марата ў Оршы быў знішчаны мурал, намаляваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Тарцавая сцяна гэтага дома выходзіць на вуліцу імя пісьменніка-земляка, і менавіта на ёй быў малюнак, зроблены аршанскім мастаком Дзмітрыем Талкачовым. На мінакоў “глядзеў” партрэт славутага беларускага пісьменніка, а таксама жыхары і госці горада маглі разгледзець на мурале  фрагменты  рукапісаў і малюнкаў Уладзіміра Караткевіча.

Мурал быў урачыста адкрыты да 90-х угодкаў Уладзіміра Караткевіча ў лістападзе 2020 года. Але праз 5 гадоў пасля юбілею ў доме распачалі рамонт, і выява пісьменніка знікла  пад “тэрмашубай”.

Цяпер рамонт завершаны, але няма ніякіх прыкметаў таго, што знакаміты мурал будуць аднаўляць. Што характэрна, дзяржаўная прэса і мясцовыя ўлады ніяк не каментуюць таго, што Орша страціла гарадскую адметнасць  і  мемарыяльны аб’ект, прысвечаны славутаму ўраджэнцу гэтага горада.

Дарэчы, спонсарам стварэння мурала ў 2020-м годзе быў мецэнат Андрэй Балабін, які ў верасні 2018 года выкупіў  аршанскую хату Караткевічаў на той самай вуліцы, якая цяпер носіць ягонае імя. Там планавалі стварыць філіял музею ці іншую культурніцкую ўстанову, але і гэтая ініцыятыва цяпер аніяк не згадваецца.

Юрка Стог

Галерэя выяваў