Аддзелы прымусовага выканання Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Мінска распачалі выканаўчую справу ў дачыненні да лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, піша "Новы Час".
Пра гэта паведамілі лідары незалежнага прафсаюза сайту praca-by.info
З улікам канфіскаваных грошай падчас ператрусаў у жніўні 2017 года Фядынічу і Комліку заставалася выплаціць каля 4 тысяч беларускіх рублёў. Але судовыя выканаўцы хочуць спагнаць больш за 50 тысяч паводле прысуду па «справе прафсаюзаў”, а таксама за правядзенне экспертыз і кампенсацыю дзяржаўнай пошліны.
Пра дзіўную працэдуру спагнання запазычанасці распавёў лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.
— У снежні — першай палове студзеня мы з Ігарам Комлікам атрымалі пастановы аб распачацце выканаўчай вытворчасці. Працэдура ўпісваецца ў межы закона, каб не адно “але”. Пастановамі прадпісваецца нам з Комлікам у сямідзённы тэрмін заплаціць дзяржаўную пошліну па 1470 рублёў 63 капейкі, аплаціць 2387 рублёў 33 капейкі за правядзенне экспертызаў, падаткаў і збораў.
Такія пастановы аддзелаў прымусовага выканання насцярожваюць. Пры ператрусах у жніўні 2018 года ў нас былі канфіскаваныя ўсе сямейныя зберажэнні. Калі іх перавесці ў беларускія рублі, то іх бы хапіла на аплату больш чым трох чвэрцяў так званай «шкоды», якую мы з Комлікам павінны кампенсаваць.
Лідары прафсаюза накіравалі на адрас аддзелаў прымусовага выканання заявы, у якіх папрасілі паказаць разлік: паводле якога курса канфіскаваная валюта пералічвалася ў рублі, якая сума з яе вылічаная і якую рэшту «маёмаснай шкоды» яны яшчэ засталіся вінаватыя.
— 20 лютага я згодна з позвай наведаў аддзел прымусовага выканання Цэнтральнага раёна. Размова ішла пра тое, што згаданыя сумы будуць спагнаныя з канфіскаваных сродкаў, пасля гэтага будзе вылічаная рэшта запазычанасці і вызначна, якім чынам мы плануем яе кампенсаваць.
Аднак, калі я вярнуўся ўвечары дадому, мяне чакала апавяшчэнне ад судовага выканаўцы Петранчук М.В., якая сваёй пастановай наклала арышт на адзіную кватэру, у якой пражываем я і мая сям'я. Сумніўна, што падчас размовы са мной яна не ведала, што ўжо гэта зрабіла, але сціпла пра тое не сказала.
12 лютага Ігар Комлік атрымаў пастанову аб выканаўчай вытворчасці. Яму дадзены 7-дзённы тэрмін для добраахвотнага выканання. Але ўжо 14 лютага (сем дзён ніяк не маглі прайсці) у бухгалтэрыю прафсаюза РЭП прыйшло прадпісанне «об обращении взыскания на заработную плату и приравненные к ней доходы», у якім судовы выканаўца С. Хаванская патрабуе здзяйсняць утрыманне 50% заработнай платы ў кошт пагашэння шкоды . А ўжо 20 лютага судовы выканаўца С. Хаванская пастанавіла «ўжыць захады для забеспячэння выканання выканаўчага дакумента ў выглядзе забароны на адчужэнне аўтатранспартнага сродку» Ігара Комліка. Прасцей кажучы, на аўтамабіль і прычэп да аўтамабіля накладзены арышт. Якім нарматыўным або заканадаўчым актам кіравалася судовая выканаўца — нам не вядома.
Больш за тое, мы падалі заявы, на якія не атрымалі адказу. Судовыя выканаўцы павінны былі звярнуцца ў Следчы камітэт, дзе захоўваюцца канфіскаваныя ў нас грошы, аднесці іх у банк, абмяняць на беларускія рублі, паведаміць нам, паводле якога курсу абмянялі, а потым казаць пра тое, ці маем мы запазычанасці ці не павінны.
Узнікаюць сур'ёзныя пытанні пра прафесіяналізм судовых выканаўцаў. Судовая выканаўца Петранчук не магла не ведаць, што нельга накладваць арышт на адзіную кватэру, дзе пражывае чалавек, хай нават асуджаны. Няма сумневу, што скаргі на пастановы абедзвюх судовых выканаўцаў лягуць на стол кіраўніка гэтай службы — так павінна быць паводле закону. Калі гэтага будзе недастаткова, тады мы гатовыя звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі і суд.
Мы будзем інфармаваць, як далей будуць развівацца падзеі. Беззаконня не будзе! — заявіў Генадзь Фядыніч.
Крыніца: Судовыя выканаўцы арыштавалі кватэру Фядыніча і аўто Комліка