Мінулая нядзеля ў Беларусі адзначылася адразу некалькімі мірнымі акцыямі, якія прайшлі ў Мінску ды Берасці.
У Мінску 7 красавіка каля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды прайшоў малебен за забітых у Курапатах. Некаторыя актывісты выйшлі на плошчу а 12 гадзіне з крыжамі, некаторыя — з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Гэты дзень – сімвалічны, піша Беларускае Радыё Рацыя. Праваслаўныя вернікі 7 красавіка адзначаюць адно з галоўных рэлігійных святаў – Дабравешчанне. Паводле Уладзіміра Някляева, беларусам сёння трэба „звярнуцца да Бога, каб ён спыніў не проста здзекі з беларускага народа, але і з самога сябе”. Някляеў нагадаў, што за здзек з хрысціянскіх святыняў царква звычайна абвяшчае анафему.
Малебен адслужыў айцец Вікенцій — іераманах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Святары БПЦ Маскоўскага патрыярхату да людзей ня выйшлі, – паведамляе Радыё „Свабода”. Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заклікаў прысутных прыходзіць і ў Курапаты на малітвы, што ладзяцца там штовечар а 19-й гадзіне.
Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч, які напярэдадні заклікаў сабрацца ля Менскага Свята-Духавага катэдральнага сабору, быў затрыманы АМАП-ам і «людзьмі ў цывільным» за заклік на малітву на выхадзе з дому. Як расказала Радыё Свабода жонка палітыка Марына Адамовіч, Статкевіч да суда знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Таксама перад пачаткам малітвы за Беларусь і Курапаты былі затрыманыя актывісты Андрэй Шарэнда і Арцём Чарняк. Пра гэта паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў малітвы грамадскі актывіст Леанід Кулакоў. Яму пра затрыманне паведаміў, у сваю чаргу, актывіст Яўген Афнагель.
А вечарам, ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам 7 красавіка прайшла калектыўная малітва з удзелам прыблізна 150 чалавек. Па інфармацыі БелаПАН, Перад пачаткам да прысутных звярнулася актывістка апазіцыі Алена Талстая. Яна падзякавала ўсім, хто прыйшоў апоўдні да сталічнага Свята-Духаву сабора і ўзяў дзел у супольнай малітве за Беларусь і Курапаты. Талстая адзначыла, што ў Курапатах будуць маліцца за вяртанне дэмантаваных крыжоў, за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама за затрыманых палітыкаў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, актывістаў Вольгу Нікалайчык і Максіма Вінярскага. Затым перад прысутнымі выступіла Марына Адамовіч, жонка ініцыятара малітвы Мікалая Статкевіча. Яна зачытала зварот палітыка, з якім ён меў намер выступіць каля сабора.
Каля 300 чалавек сабраліся на „кармленне галубоў” і шэсце ў знак пратэсту супраць запуску акумулятарнага завода „АйПаўэр” пад Берасцем.
Гэтым разам, па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, мерапрыемства традыцыйна пачалося на берасцейскай плошчы Леніна, але скончылася ля ЦУМа. Адметнасцю акцыі сталі лозунгі, якія агучвалі пратэстоўцы: „Нет заводу!” і „Лемяшэўскага“ на нары!”, а таксама абмеркаванне справы „пра выбухоўку” Майсея і Дзяніса Мазько.
Нядзельнае „кармленне галубоў” разам з шэсцем доўжылася каля 1,5 гадзін. За ўдзельнікамі мерапрыемства назіралі і фіксавалі на відэакамеры прадстаўнікі Ленінскага РАУС і невядомыя асобы ў цывільным. Адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы берасцейцаў, якія змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, Дзмітрый Бекалюк пасля абеду 7 красавіка пайшоў у РАУС па позве, а пазней паведаміў, што затрыманы.
Экалагічныя актывісты, якія выступаюць супраць завода беленай цэлюлозы выйшлі на цэнтральную плошчу Светлагорска, каб выказаць салідарнасць з берасцейцамі і паразмаўляць аб надзённых праблемах экалогіі свайго горада.