Японскага мастака Даічы Ёшыду асудзілі ў Беларусі на 4,5 гады за нелегальнае перамяшчэнне зброі. Ён правёў за кратамі 1 год і 9 месяцаў, апошнія 9 месяцаў – на віцебскай зоне (ПК №3). У траўні 2018-га быў нечакана вызвалены. Праз год пасля вызвалення Даічы падзяліўся з "Віцебскай Вясной" сваімі ўспамінамі і думкамі пра свабоду, Беларусь і беларусаў.

“Калі мінуў межы Беларусі, падумаў: нарэшце!..”

“Прайшоў амаль што год, як мяне вызвалілі з папраўчай калёніі “Віцьба-3”. Першы месяц пасля вызвалення немагчыма апісаць словамі. Я проста не мог паверыць, што ўжо на свабодзе і вярнуўся дамоў. Калі мяне прывезлі ў мінскі аэрапорт, я ўспомніў усё, што са мной адбывалася, бо тыя жахі пачаліся менавіта адсюль. Мая маці хацела сфатаграфаваць мяне на фоне тэрміналу, але я адмовіўся і збег. Так, збег, як малое дзіця, але ў той момант я не хацеў больш заставацца ў Беларусі…

Мой першы візіт у Беларусь скончыўся тым, што я апынуўся за кратамі. Але гэтага было дастаткова, каб склалася ўражанне пра краіну.

daichi2.jpg
Даічы (у цэнтры) зь сям'ёй і сябрамі пасьля вызваленьня. Фота: Daichi Yoshida

Калі я адшукаў сваё месца на борце, мне падалося, што я лячу першым класам, хоць насамрэч гэта былі месцы ў эканом-класе. І калі самалёт мінуў паветраныя межы Беларусі, я падумаў: “Нарэшце!”

“Суддзя быў падобны да пудзіла”

“Пасля турмы ў нас былі некаторыя праблемы з пазыкамі, таму што мая сям’я патраціла шмат грошай, наведваючы мяне ў вязніцы.

Часам мне здавалася, што гэта марныя траты грошай, асабліва тады, калі мая маці хадзіла ў суд. Таму што беларускі суд нагадваў паляванне на ведзьмаў. Ні справядлівасці, ні логікі. Суддзя быў падобны да пудзіла. Нават прадстаўнікі амбасады, якія там прысутнічалі, ператваралі гэты працэс у нейкае недарэчнае шоў.

Але ўсё гэта ў мінулым. Цяпер я займаюся ілюстрацыяй і катаннем на матацыкле. 

daichi3.jpg
Фота: Daichi Yoshida

Праўда, штомесячныя выплаты ў 700 даляраў не давалі мне забыцца на жахлівае мінулае…”

“Яны смяяліся з мяне, нібы я быў жывёлінай…”   

“У вязніцы я знаходзіўся 11 месяцаў, а потым 9 месяцаў правёў у папраўчай калёніі №3. Першыя тры месяцы былі проста жахлівымі. Усе ахоўнікі глядзелі на мяне, быццам я з іншай планеты.

Яны смяяліся з мяне, нібы я быў жывёлінай альбо рабом.

Я знаходзіўся тады ў турме №8, у камеры 31. Гэта было маленькае памяшканне, у якім адначасова знаходзілася 14 чалавек. Практычна ўсе палілі. А вокны ў гэтым цесным пакоі адчыняць было нельга, і таму там было як у газавай камэры”.

“Адвакат баяўся казаць праўду…”

“Мяне перавялі ў СІЗА-1 пасля трох месяцаў турмы. Суд пачаўся 30 лістапада 2016 году. І гэты суд быў найгоршым досведам у маім жыцці. Гэта было сапраўднае паляванне на ведзьмаў.

Па-першае, мне не далі перакладзеных на японскую мову дакументаў. І самае неверагоднае, што ў гэтых дакументах былі памылкі. Цяжкасць абвінавачанняў змянялася на вачах. За такія дзеянні можна было б прад’явіць пазоў да ўладаў, але ў гэтай краіне звычайна так і адбываецца.

І нікому да гэтага няма справы, нават самім абвінавачаным.

Непрыемна здзівіў таксама адвакат, бо баяўся сказаць праўду і таму звычайна згаджаўся з тым, што казаў пазоўнік. Я памятаю, што, калі мы сустракаліся ў СІЗА-1, ён напісаў мне, каб я не казаў нічога кепскага пра гэтую краіну, бо, маўляў, усе нашыя размовы праслухоўваюцца”.

“Гэта не краіна, а вёска з прывідамі Саветаў”

“Тады я зразумеў, што гэта не краіна, гэта нейкая вёска з прывідамі Саветаў. Канстытуцыя Беларусі – мёртвая, а таму законы бескарысныя. А калі хтосьці скажа слова супраць, яго задушаць і фізычна, і маральна.

Спачатку яны забіраюць у цябе магчымасьць выказвацца, потым не даюць дапамагчы табе іншым і ў выніку кідаюць за краты. 

daichi4.jpg
Малюнкі былога зьняволенага. Фота: Daichi Yoshida

Многія беларусы падаюцца мне нясталымі. У вязніцы сустракаюцца розныя людзі – былыя суддзі, паліцэйскія, дзяржслужбоўцы, злачынцы. Але ўсе яны падобныя адзін да аднаго тым, што не ведаюць слова “роўнасць”. Яны гатовыя падпарадкоўвацца і ўнікаць праўды, бо ім падаецца, што так прасцей.

“Беларусы спавядаюць пацыфізм, але гэта не заўсёды слушна”

“Чалавек можа пераадолець мноства цяжкасцяў. Знайсці працу альбо ўтрымліваць сям’ю таксама бывае няпроста, але такія праблемы рана ці позна вырашаюцца.

Аднак людзі мусяць пратэставаць супраць аўтарытарнага рэжыму і супраць узурпацыі. Важна, каб беларусы зразумелі гэта.

Я ведаю, што яны аддаюць перавагу пацыфізму, але гэта не заўсёды слушна. Бо нельга ў імя пацыфізму ўхіляцца ад выказвання свайго меркавання і барацьбы”.

“Гэта тое, што я хацеў бы сказаць Лукашэнку”

Вось пра што я думаў, пакуль быў у калоніі. Мне было маркотна. Такую ж долю са мной раздзялілі ў калоніі Джэрарда Геді з Калумбіі, Аляксандр Сэлемон і Нобрэ Фройд з Марокка, Фуан Чэнг з Кітаю. Праблема ў тым, што Беларусь дагэтуль з'яўляецца terra incognita для замежнікаў. Канечне, не ва ўсіх краінах свету ўсталяваная на сёння дэмакратыя. Але пасля развалу Савецкага Саюзу некаторымі краінамі Еўропы працягваюць кіраваць дыктатары. І многім людзям – усё адно. 

daichi5.jpg
Даічы Ёшыда, 2019 год. Фота: Daichi Yoshida

Я хацеў сказаць, што людзі мусяць паважаць свабоды і правы чалавека, таму што гэта сапраўды важныя рэчы. Мы мусім паважаць нашых продкаў, якія змагаліся за роўнасьць і дэмакратыю. Гэта тое, што я хацеў бы сказаць Лукашэнку. Не стаўцеся з абыякавасьцю да сваёй гісторыі!”

Што трэба ведаць пра справу Даічы Ёшыды

  • 15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вяртаўся на радзіму з мастацкага фестывалю ў Адэсе. Вылецеў з Кіева ў Токіё маршрутам з транзітнымі перасадкамі ў аэрапортах Мінску і Абу-Дабі.
  • Служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі (правозіў набытыя ў Кіеве дэактываваныя дэталі вінтоўкі Мосіна), якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусціла яго на рэйс.
  • У Мінску Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зняволення за незаконны правоз і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі.
  • Быў нечакана вызвалены паводле рашэння Вярхоўнага суду 22 траўня. Вярхоўная калегія ВС змяніла прысуд, прызнаўшы яго “празмерна строгім”.
  • Даічы Ёшыда забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў.   

Даічы Ёшыда, спецыяльна для “Віцебскай вясны”.

Крыніца: Праз год пасля турмы. Споведзь японца – былога вязня “Віцьбы-3”