Затрыманую ранкам віцебскую журналістку паспелі апытаць у міліцыі і нават адвезці ў ІЧУ. Аднак адтуль яе вызвалілі праз складанасці са здароўем і неабходнасць прымаць лекі, якіх у ІЧУ няма. Адпусцілі жанчыну пад падпіску пра тое, што яна добраахвотна з’явіцца ў суд Першамайскага раёну, дзе яе будуць судзіць па артыкуле 24.23 КоАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

У кастрычніку суды Віцебскай вобласці асудзілі як мінімум 6 маладых мужчын да розных крымінальных пакаранняў па ч.1 арт. 435 (Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу) КК РБ. Усе асуджаныя прызналі сваю віну ў поўным аб'ёме і раскаяліся ў зробленым.

69-гадовую пенсіянерку, былую настаўніцу беларускай мовы абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разбірае суддзя Ірына Яскевіч, працэс ідзе ў закрытым рэжыме.

У судзе Віцебскага раёна 10 лістапада суддзя Наталля Траццякова павінна пачаць разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна палітвязня Аляксандра Патапава. Следства і пракуратура сышліся на тым, што Аляксандр здзейсніў злачынную дзею, якая падпадае пад усе прыкметы злачынства, у рамка ч.1 арт. 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) КК РБ. Пачатак судовага пасяджэння прызначаны на 14-30, але разгляд справы будзе адбывацца ў закрытым для публікі рэжыме.

Суддзя суда Лепельскага раёна Дзмітрый Васюк 21 кастрычніка ў памяшканні клуба вайсковай часці 71327 (19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады) ў адкрытым судовым пасяджэнні вынес прысуд у дачыненні да сяржанта В., які збіў падпарадкаванага яму салдата - радавога Г. Следства кваліфікавала дзеянні малодшага камандзіра ў рамках ч.2 арт.455 (Злоўжыванне ўладай, бяздзейнасць улады або перавышэнне ўлады) КК Рэспублікі Беларусь. Суд палічыў злачынства даказаным і прызначыў В. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады, а таксама пазбавіў падсуднага воінскага звання "сяржант".