Субота, 24 Верасень 2016

Суд па адміністрацыйнай справе супраць віцебскіх кандыдатаў у дэпутаты працягнецца 26 верасьня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч

22 верасьня у Кастрычніцкім райсудзе Віцебску судзьдзя Ўладзімер Царыкаў разьбіраўся ў акалічнасьцях адміністрацыйнага правапарушэньня, якое супрацоўнікі РАУС угледзелі ў сумесным выкананьні траімі кандыдатамі ў дэпутаты ад «правай кааліцыі» гімну «Магутны Божа». Гімн прасьпявалі падчас выбарчай кампаніі на пікеце па зборы подпісаў.

Тацяне Севярынец, Георгію Станкевічу і Алене Шабуні інкрымінуецца парушэньне часткі 1 артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу (парушэньне вызначанага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

З улікам таго, што слуханьні адбываліся на дзьвюх дзяржаўных мовах, дзеля прадухіленьня моўных непаразуменьняў быў загадзя выкліканы ў якасьці перакладчыка ажно дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства кандыдат навук Алена Дзядова, якая час ад часу тлумачыла судзьдзі незразумелыя для яго словы.

Ані Тацяна Севярынец, ані Георгі Станкевіч, ані Алена Шабуня віны сваёй не прызналі і з выкладзенымі ў пратаколах абвінавачаньнямі не пагадзіліся (усім траім ставіцца ў віну групавое публічнае выказваньне грамадзка-палітычных поглядаў) .

Першай сваё тлумачэньне давала Тацяна Севярынец. Яна распавяла, што 27 ліпеня кандыдаты ў дэпутаты ад «правай кааліцыі» ў межах дзейнага заканадаўства праводзілі сумесны пікет па зборы подпісаў на вуліцы Леніна ля гандлёвага цэнтру «Марко-Сіці». Дзеля прыцягненьня ўвагі да мерапрыемства арганізатары маюць права выкарыстоўваюць любыя не забароненыя законам сродкі: крычалкі, сьпевы, танцы, біцьцё ў бубен. З гэтай мэтай і вырашылі прасьпяваць «Магутны Божа».

Аднак пікет адбываўся акурат пад вялізным экранам, на якім увесь час паказвалася рэкляма, і гук якой заглушыў бы сьпевы. З гэтай прычыны было вырашана перайсьці праз падземны пераход на другі бок вуліцы і прасьпяваць у спрыяльных умовах на месцы, якое не зьяўляецца забароненым для правядзеньня пікетаваньня. Аднак так сталася, што людзей на тым месцы, акрамя невядомых апэратараў, не аказалася. Таму вырашылі прасьпяваць пару сьпеваў, зьняць іх на відэакамэру і выкласьці ў сацыяльныя сеткі, каб заахвоціць прадстаўнікоў віцебскай інтэрнэт-супольнасьці падтрымаць кандыдатаў у дэпутаты. Так і зрабілі, а пасьля ўтраіх вярнуліся на ранейшае месца і працягнулі збор подпісаў.

Тое, што на іх была заведзена адміністрацыйная справа, стала для кандыдатаў у дэпутаты поўнай нечаканасьцю. Тым больш, што з боку акруговых выбарчых камісіяў ніякіх пытаньняў да ўдзельнікаў праведзенага 27 ліпеня пікету з выкарыстаньнем двух беларускамоўных сьпеваў не было.

Алена Шабуня і Георгі Станкевіч далучыліся да тлумачэньняў, дадзеных Тацянай Севярынец, дадаўшы для паўнаты карціны некалькі штрыхоў. У прыватнасьці, спадарыня Алена зьвярнула ўвагу на тое, што ў пратаколе зьмяшчаюцца хлусьлівыя сьведчаньні. Бо яна не сьпявала і «Жыве Беларусь!» не крычала, а адказвала на гэты вокліч: «Жыве з Богам!». Абразай палічыла Алена Шабуня і копію пратаколу, дасланага ёй з Кастрычніцкага РАУС, тэкст якога яна так і ня здолела прачытаць. У яе склалася ўражаньне, што гэткія радкі магла накрэмзаць толькі «п’яная ці абкураная наркотыкамі курыца».

Георгі Станкевіч ня толькі не пагадзіўся з выкладзенымі ў пратаколе абвінавачаньнямі, але і палічыў яго супярэчным здароваму сэнсу, бо якое можа быць «публічнае выказваньне поглядаў» пры поўнай адсутнасьці публікі? А на пытаньне судзьдзі пра тое, што іх аб’ядноўвае, ён заявіў: «Мы – патрыёты Беларусі і змагаемся за тое, каб яе людзям жылося лепей».

Выслухаўшы ўсіх траіх кандыдатаў, у дачыненьні да якіх вядзецца справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, суд вырашыў адкласьці судовы працэс да 26 верасьня. Дзеля высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў, выкладзеных у пратаколах супрацоўнікамі міліцыі, судзьдзя палічыў неабходным запрасіць іх на наступнае паседжаньне суду для дачы тлумачэньняў.

Таксама Алена Шабуня прапанавала выклікаць у суд дзеля апытаньня і палкоўніка міліцыі Ігара Скарыновіча, які склаў рапарт на кандыдатаў у дэпутаты, і з ініцыятывы якога пачалася ўся гэтая справа.

С. Горкі