Паводле відавочцаў, яшчэ тады да прафсаюзнага актывіста падыходзілі міліцыянты і пагражалі «пасадзіць». Але пагрозы спраўдзіліся толькі празь некалькі дзён: 16 сакавіка супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дахаты і забралі Аляксандра Булаўку.
Здарылася так, што ў яго не было магчымасьцяў зьвязацца са сваякамі і блізкімі, і толькі ўвечары аднадумцы з прафсаюзу даведаліся, што Аляксандра асудзілі на 12 сутак арышту.
Спадар Булаўка ачольвае аршанскую рэгіянальную арганізацыю прафсаюзу РЭП са сьнежня мінулага году – з часу стварэньня ў Воршы гэтай суполкі. Ён быў адным з найактыўнейшых зьбіральнікаў подпісаў за скасаваньне дэкрэту № 3.
Апрача Аляксандра Булаўкі, у аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня адбываюць арышты, прызначаныя за ўдзел у акцыі пратэсту, яшчэ трое актывістаў: Павал Севярынец (15 сутак), Васіль Берасьнёў (14 сутак), Віктар Андрэеў (13 сутак). Усіх траіх асудзілі 13 сакавіка, на наступны дзень пасьля аршанскага «Маршу недармаедаў».