У суд былі дастаўленыя грамадзкія актывісты, журналісты, праваабаронцы і проста грамадзяне, якія апынуліся ў цэнтры гораду ў гэтыя дні. Па выніках праведзеных судовых працэсаў былі вынесеныя розныя рашэньні: ад 20 базавых велічынь да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
На думку незалежных назіральнікаў, рашэньні судом Кастрычніцкага раёну Віцебску выносіліся зыходзячы не з актыўнасьці ўдзельнікаў імпрэзаў, а хіба што са статусу затрыманых. Інакш як можна растлумачыць, што простым грамадзянам, напрыклад Аліне Сільчанцы, Ганьне Сьцяпуры давалі па 20 базавых (абедзьве асуджаныя судзьдзём Уладзімерам Царыкавым), а праваабаронцам і незалежным журналістам Леаніду Сьвеціку (асуджаны судзьдзёй Жураўковай Тацянай) і Кастусю Мардзьвінцаву (асуджаны судзьдзёй Грабоўскай Інай) далі па максымуму – па 15 сутак?
Акрамя гэтага былі асуджаныя: актывіст партыі БНФ Леанід Аўтухоў – 15 сутак арышту (судзьдзя Макарэвіч Ігар), актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў – 12 сутак арышту (судзьдзя Будрэвіч Сяргей), журналіст радыё «Рацыя» Арцём Сізінцаў – 10 сутак арышту (судзьдзя Міхасёва Валянціна), праваабаронца Ірына Трацьцякова – 30 базавых велічынь (судзьдзя Жураўкова Тацяна), грамадзянін Рэспублікі Беларусь Улад Камароўскі – 13 сутак арышту (судзьдзя Макарэвіч Ігар). Наконт асуджаных Аскер (судзьдзя Міхасёва Валянціна) і Вікторыі Гром (судзьдзя Жарыкава Алеся) інфармацыі няма.
Усе затрыманыя былі пакараныя за парушэньне артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Адметнай рысай усіх судовых працэсаў была адсутнасьць сьведкаў, а доказная база будавалася выключна на відэазапісах.
Паводле spring96.org