Арцём Сізінцаў стаў першым, хто быў арыштаваны ў Віцебску за ўдзел у акцыях 25 і 26 сакавіка. Аршанскі журналіст быў прызнаны судом Кастрычніцкага раёну вінаватым у парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і адпраўлены адбываць пакараньне ў ІЧУ.
Пасьля цёплай сустрэчы з маці і вітаньняў зь сябрамі ды калегамі Арцём падзяліўся сваімі назіраньнямі і набытым досьведам. Найперш калегаў цікавіла, ці быў ён гатовы да такога жорсткага прысуду, і ці зьмяніла часовае абмежаваньне волі яго стаўленьне да прафэсійнай дзейнасьці.
Кажа А. Сізінцаў:
Цікава, што на відэа, якое зьнялі міліцыянты і якое потым дэманстравалася ў судзе, якраз яскрава бачна, чым я займаюся: стаю з дыктафонам, апытваю людзей, бяру інтэрвію. І суд пры гэтым нахабна гаворыць, што я парушаю грамадзкі парадак і выкрыкваю нейкія лёзунгі, хаця я выконваю свае прафэсійныя абавязкі. Але калі працуеш журналістам у Беларусі, то трэба чакаць, што нешта падобнае можа здарыцца. Трэба спакойна ўсё гэта ўспрымаць, і ўсё будзе нармальна. Тым больш я ведаю, што кожная незалежная справа ў гэтай дзяржаве можа, на жаль, расцэньваецца, як адміністрацыйнае парушэньне.
Чаго варта было чакаць, тое і адбылося – нічога дзіўнага. Такога разьвіцьця падзеяў я не выключаў ад пачатку. Кожны раз, наведваючы акцыі, я не выключаю магчымасьці быць затрыманым. Звычайная справа. Дарэчы, калі нас забіралі, нейкі незнаёмы мужчына з вуліцы, які ня меў датычнасьці да акцыі, спыніўся і запытаў міліцыянтаў: «Што гэта вы робіце?»
Незаконна адпраўляючы на суткі журналістаў, якія робяць сваю справу, улада, відаць, разьлічвае адбіць у іх усялякую ахвоту асьвятляць гэткага кшталту мерапрыемствы. Але, як паказвае час, усе журналісты, што трапілі пад каток сёлетніх рэпрэсіяў, ад сваёй прафэсіі не адракліся. Тое самае адбылося і ў выпадку з Арцёмам.
Цікавілі журналістаў і ўмовы ўтрыманьня ў Віцебскім ІЧУ. Арцём распавёў, што свае дзесяць содняў ён правёў у камэры, разлічанай на двух чалавек. Нары драўляныя старыя, месцамі з вышчарбленым дрэвам, матрацы камкаватыя. Бялізну выдавалі – асабліва пасьля таго, як села шмат актывістаў: каб пазьбегнуць магчымых скаргаў зь іхнага боку, выдалі новыя ручнікі і прасьціны. Ежа аднастайная: кожны дзень сечка і катлета, невядома з чаго зробленая, у якой мяса – вобмаль. Між сабой вязьні называюць яе «папяровай». Калі каша з грэчкі – гэта ўжо сьвята. На абед суп, як ён выказаўся, звычайна безь вітамінаў. Солі ва ўсіх стравах катастрафічна бракуе.
Вылучыў ён і адну відавочную праблему ў арганізацыі харчаваньня. Яна ў тым, што абед недзе а гадзіне чацьвёртай, і ўжо а пятай даюць вячэру. Атрымліваецца, што 12 – 13 гадзінаў чалавек галодны. Калі б не перадачы з волі, было б цяжка. Ахоўнікі будзяць а шостай, пасьля чаго трэба абавязкова згарнуць матрац. Праверка а 8-й. На шпацыр можна было выходзіць штодзённа, але з-за халоднага надвор’я ня кожны дзень хацелася гэтай магчымасьцю скарыстацца.
Большая частка паштовак, якія дасылалі людзі ў знак салідарнасьці, дайшлі толькі напярэдадні вызваленьня, хаця некаторыя зь іх пазначаныя яшчэ 28 сакавіка, то бок дайшлі са спазьненьнем на трое-чацьвёра содняў.
Арцёму ўжо даводзілася бываць «на сутках». Параўноўваючы ўмовы ўтрыманьня вязьняў у аршанскім і віцебскім ізалятары, ён адзначыў, што ў Воршы яны больш цывілізаваныя.
Арцём Сізінцаў выйшаў, але за кратамі віцебскага ІЧУ застаюцца яшчэ грамадзкія актывісты Леанід Аўтухоў і Хрыстафор Жаляпаў, праваабаронца Леанід Сьвецік і журналіст Кастусь Мардзьвінцаў.
https://vitebsk.dns.army/news/administracyiny-perasled/item/2254-vyjshau-na-volyu-arshanski-zhurnalist-pakarany-za-25-sakavika#sigProId03b2d729c5
С. Горкі