Кастусь Мардзьвінцаў, не зважаючы на тое, што трапіў на суткі ўпершыню, выйшаў на волю з прыўзьнятым настроем. Ці тое была рэакцыя арганізму на хмельнае паветра свабоды, ці пятнаццаць дзён – гэта ня той тэрмін, за які можна пазбавіцца пачуцьця гумару, калі, вядома, яно ў цябе ёсьць.
У адказ на пытаньне пра ўмовы ўтрыманьня ён заявіў, што за кратамі было «супэр!», «кляс!», «як у санаторыі», і параіў кожнаму пры нагодзе скарыстацца магчымасьцю, якую шчодра раздае беларуская судовая сыстэма.
Да таго ж ён адзначыў, што ўлады ня ўмеюць удала распараджацца і карыстацца тымі «скарбамі», якія маюць. Ён прапанаваў завабліваць у Віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня на тэматычныя экскурсіі замежнікаў з Заходняй Эўропы і мець з таго неблагі прыбытак у гарадзкую казну. Кастусь мяркуе, што трапіць з 21-га стагодзьдзя ў сталінска-брэжнеўскі гадзюшнік было б для іх нечаканай цікавосткай і мэнтальнай неспадзяванкай.
Пагадзіцеся, у сёньняшні час на працягу некалькіх сутак або нават месяцаў утрымліваць людзей у грамадзкай прыбіральні (для тых, хто ня ведае: «ватэрклязэт» знаходзіцца непасрэдна ў камэры і нічым ад яе не адгароджаны) можна расцэньваць, як зьдзек з асобы. Але гарадзкія ўлады ды кіраўнікі пэнітэнцыярнай сыстэмы, відаць, мяркуюць інакш, не разумеючы, што гэткім чынам яны прыніжаюць ня столькі тых, хто сядзіць у гэткіх умовах, колькі тых, хто там на працягу сваёй прафэсійнай кар’еры ўсё жыцьцё працуе там ці наведваецца туды з інспэкцыямі.
Леанід Сьвецік назваў умовы ўтрыманьня ў ізалятары зноснымі, хаця ўражаньне ад памяшканьняў, у якіх даводзілася сядзець, досыць цяжкае: была камэра нават без вакна. Сыстэма дае вязьням па мінімуме самае неабходнае.
Спадар Леанід лічыць, што жорсткія прысуды віцебскім праваабаронцам і журналістам, якія былі ня столькі ўдзельнікамі мітынгу, колькі вонкавымі назіральнікамі, сталіся помстай за ягоны нядаўні зварот у пракуратуру з нагоды парушэньня гарадзкімі ўладамі імі ж прынятага рашэньня №881 (гэтае рашэньне робіць немагчымым правесьці якое-небудзь масавае мерапрыемства ў горадзе грамадзянскімі актывістамі праз патрабаваньне дамоваў ад ЖКГ, міліцыі і мэдычнай службы). Сярод іншага ў звароце зважалася, што супрацоўнікі праваахоўных органаў падчас грамадзкіх акцыяў не карыстаюцца службовай вопраткай. Выкарыстоўваючы цывільнае адзеньне для больш зручнага затрыманьня актывістаў і звычайных грамадзянаў, яны правакуюць людзей да спантаннага супраціву.
Як паказалі падзеі апошняга часу, праваабаронцы і журналісты сталі для рэжыму самымі небясьпечнымі асобамі, на якіх пасьля асьвятленьня імі лютаўскіх пратэстаў было аб’яўленае сапраўднае паляваньне як у сталіцы, гэтак і ў правінцыі. Такім чынам улады выявілі сваё сапраўднае стаўленьне да свабоды слова, правоў чалавека і да свабоды ў сфэры інфармацыйнай прасторы. Напалоханы пагрозай народных забурэньняў, рэжым накінуўся на тых, хто дапамагае грамадзянам бараніць свае правы і даносіць праўду празь незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
https://vitebsk.dns.army/news/administracyiny-perasled/item/2258-vitsebsk-paslya-15-tsi-sutak-aryshtu-na-volyu-vyjshli-aposhniya-vyazni-pakaranyya-za-25-i-26-sakavika#sigProId1094776ba1
С. Горкі