Упарадкаваньнем і ўшанаваньнем месцаў масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Хайсы грамадзкія актывісты займаюцца ўжо тры гады запар. За гэты час на ўзлеску і ў глыбіні лесу пастаўленыя больш за трыццаць крыжоў, зробленыя дзьве сымбалічныя магілы, у адной зь якіх пахаваная невялікая труна з чалавечымі косткамі, таму сёлетняе пахаваньне не было нечым надзвычайным. Што змусіла ўлады Віцебскага раёну распачаць адміністрацыйную справу, Ян Дзяржаўцаў ня ведае.
Першым парушэньне правілаў пахаваньня на тэрыторыі Мазалаўскага сельскага савету адзначыў яго кіраўнік Леанід Дубіна, пра што і паведаміў у райвыканкам.
7 сьнежня кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага раёну Кацярына Воінава афіцыйна зафіксавала ў пратаколе факт парушэньня артыкулу 23.43 КаАП грамадзянінам Янам Дзяржаўцавым.
Адміністрацыйнае правапарушэньне ў судзе Віцебскага раёну 20 сьнежня разгледзеў судзьдзя Міхаіл Зубеня. Ён не задаволіў хадайніцтва грамадзкага актывіста аб пераносе судовага паседжаньня на іншы дзень у сувязі з тым, што адвакат спадара Яна ў гэты дзень браў удзел у іншым судовым працэсе. Пры гэтым судзьдзя нават не зьвярнуў увагу, што грамадзянін ужо заключыў з адвакатам пісьмовую дамову і аплаціў паслугі.
Асноўным доказам на судзе стала разьмешчанае ў сеціве відэа, якое фіксавала факт самавольнага пахаваньня парэшткаў. У выніку разьбіральніцтва судзьдзя палічыў факт парушэньня заканадаўства аб пахаваньні даказаным і вынес рашэньне пакараць Яна Дзяржаўцава штрафам памерам у 5 базавых велічыняў (115 рублёў).
Пасьля суду грамадзкі актывіст зазначыў:
– Ад таго, што працэс прайшоў у так званы Дзень чэкіста, непрыемна патыхае і змушае праводзіць сумныя паралелі. Замест таго, каб прызнаць расстрэльны лес месцам пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, улады цягнуць час і, па сутнасьці, рэпрэсуюць тых, хто намагаецца ўшанаваць памяць зьнішчаных за часамі сталінізму грамадзянаў.
Ян Дзяржаўцаў не пагадзіўся з вынесеным рашэньнем і зьбіраецца абскардзіць яго у судзе вышэйшай інстанцыі.
С. Горкі