Як расказаў Мікола, пратакол быў складзены празь некаторы час пасьля таго, як ён разам зь Нінай Багінскай прыпынілі перад рэстараннай брамай “Нісан” зь беларускімі нумарамі. Уладальнік аўто выклікаў міліцыю.
“Празь нейкі час прыехалі даішнікі. Ніна Багінская ўжо пайшла дадому, а я застаўся адзін. Таго мужыка выклікалі з рэстарацыі, і ён паказаў на мяне пальцам. Даішнікам патлумачыў, чаму я тут стаю. Яны склалі пратакол. Каб атрымаць копію, падпісаў толькі, што азнаёмлены з пратаколам. Сказалі, што справа будзе перададзеная на Кальварыйскую, павінна прыйсьці позва ў суд. Я адказаў, што нікуды не паеду, што б яны там мне ні слалі”, – патлумачыў Мікола Кучурэц.
У пратаколе пазначана, што Качурэц “знаходзіўся на праезнай частцы, перашкаджаў руху і праезду аўтатранспарту”.
Мікола расказаў, што, калі разам са Зьмітром Дашкевічам у той жа дзень усталёўвалі крыжы, міліцыянты падыходзілі да яго, каб перапісаць асабістыя дадзеныя. Мяркуе, што можа атрымаць яшчэ адзін пратакол.
На пытаньне, чаму вырашыў адправіцца зь Віцебску на Курапацкую варту, Мікола Качурэц адказаў, што "проста павінен быў быць там”.
“Я даўно ўжо вырашыў ехаць, але ня ведаў, калі сабрацца. Калі ж даведаўся, што падчас акцыі 3 ліпеня прайшлі затрыманьні і што суткі далі Севярынцу ды іншым, палічыў, што гэты пратэст ня мусіць спыняцца. Паехаў падтрымаць”, - кажа Мікола.
“Штрафы, суткі – гэтым яны палохаюць людзей. Але мяне гэтым не запалохаеш”, – дадае.
Зьміцер Міраш