Чацвер, 03 Студзень 2019

“Мне балюча!..” Пяць мужчын у пагонах выломвалі дзяўчыне пальцы, каб узяць адбіткі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Фота: ПЦ "Вясна" Фота: ПЦ "Вясна"

Пяць супрацоўнікаў міліцыі скруцілі дзяўчыну, з выкарыстаньнем грубай сілы “адкаталі пальчыкі” і, трымаючы за валасы, – сфатаграфавалі… Чарговая, ганебная для міліцыі, гісторыя, расказаная ў межах мультымэдыяпраекту ПЦ “Вясна” #БезПраваНаРасправу.

Шэсьць валянтэраў-назіральнікаў ад РПГА "Беларускі Хэльсынскі камітэт» былі затрыманыя “людзьмі ў цывільным” падчас несанкцыянаванай акцыі 25 сакавіка 2018 году на менскай плошчы Якуба Коласа. Усе яны мелі адпаведныя камізэлькі з надпісам “ControlBY” і “Назіральнік”, а таксама – бэйджы. Усіх іх, разам зь іншымі затрыманымі, загрузілі ў аўтазак і адвезьлі ў Савецкі РУУС Менску для складаньня пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэньнях за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Адна з затрыманых валянтэрак Тацяна Мастыкіна-Самнікава праявіла прынцыповую пазыцыю і запатрабавала, каб супрацоўнікі міліцыі прытрымліваліся законнасьці пры правядзеньні працэдур дактыляскапіі і фотафіксацыі.

Тое, што ёй давялося перажыць у РУУС, шакавала дзяўчыну і надоўга пакінула ў яе душы цяжкі і глыбокі сьлед.

Распавядае Тацяна Мастыкіна:

“25 сакавіка 2018 году мяне і маіх калегаў-валянтэраў прывезьлі ў Савецкі РАУС Менску. Пры затрыманьні нам не паведамiлi, у якасьці каго нас затрымліваюць. Сказалі, што трэба засьведчыць асобы, хаця ва ўсіх нас былі пашпарты. Пасадзілі ў сіні мікрааўтобус, а пасьля перасадзілі ў аўтазак.

У Савецкім РУУС усіх разьмясьцілі ў дворыку. Там знаходзілася каля 50-ці чалавек.

Нас усіх пашыхтавалі і паставілі каля сьценкі на расьцяжку. Потым да кожнага падыходзілі па чарзе супрацоўнікі міліцыі, апісвалі і канфіскоўвалі асабістыя рэчы. Каля сьценкі мы прастаялі недзе паўтары гадзіны, пасьля чаго мяне папрасілі прайсьці ў РУУС для дактыляскапіі і фотавідэафіксацыі”.

Тацяна катэгарычна адмовілася праходзіць падобныя працэдуры, паколькі ніхто з супрацоўнікаў ёй не назваўся і яна ня ведала, у якім статусе яе ўтрымліваюць. Але яна памятала, што, паводле заканадаўства, адбіткі пальцаў у абавязковым парадку мусяць здаваць толькі ваеннаабавязаныя асобы і тыя, у дачыненьні да каго распачаты крымінальны працэс.

Яе, у суправаджэньні супрацоўнікаў, зноў адвялі да сьцяны, дзе яна прастаяла яшчэ каля 3 гадзінаў. Быў сакавік, падаў сьнег з дажджом, усе зьмерзьлі. Тацяну адну з апошніх паўторна запрасілі прайсьці ў РУУС і завялі на трэці паверх. Там паставілі перад фактам, што будуць браць адбіткі пальцаў.

Тацяну Мастыкіну зноў праводзілі да кабінэту. Побач не было нікога з затрыманых. Толькі супрацоўнікі праваахоўных органаў, каля 10 чалавек. Амаль усе былі ў форме, але без жэтонаў. Апроч таго – супрацоўнікі ў цывільным, якія пачалі фатаграфаваць. Быў таксама яшчэ адзін, якога ўсе слухаліся. Просьбу Тацяны назваць сябе ён праігнараваў. Толькі пазьней, ужо падчас праверкі, стала вядомае яго імя і прозьвішча – Цімур Кессель.

- Зараз буду браць у вас адбіткі пальцаў.

- Я ня буду здаваць. Я супраць.

- Альбо па добрай волі, альбо мы самі возьмем.

- Гэта незаконна.

Тацяна зразумела, што ўсё ўжо вырашана, што яны ігнаруюць і закон, і працэдуры. Бо ж ёй не паведамілі, за што яе затрымалі, ёй ніхто не прадставіўся, яе правы таксама не патлумачылі.

“Для мяне гэта было страшна непрыемна. Я адна, вакол дзясятак мужчын пры ўладзе, якія павінны ахоўваць закон, але гэтага ня робяць і толькі сьмяюцца ў адказ.

Было вельмі страшна. Я разумела, што адзіны спосаб, якім я магу скарыстацца, – гэта пераканаць іх трымацца законнасьці. Бо для мяне ў гэтай сытуацыі была важная мая асабістая недатыкальнасьць”, – згадвае Тацяна.

“Вішанькай на торце” ўсёй гэтай дзеі было тое, што я мела камізэльку незалежнага назіральніка, была з бэйджам, і ўсім было зразумела, што я не зьяўлялася ўдзельнікам масавага мерапрыемства”.

Калі міліцыянты пераканаліся, што дабравольна здаваць адбіткі Тацяна ня будзе, супрацоўнік у цывільным загадаў трымаць яе. Але яна рэзка села на кукішкі, заціснула свае рукі паміж нагамі, учапілася пальцамі за шчыкалаткі.

Тады старэйшы ўхапіў яе за рукі, упёрся ступнямі ў калені дзяўчыны і пачаў разгінаць яе цела, выцягваючы рукі. Двое іншых блякавалі яе і трымалі другую руку.

Яна з усіх сіл старалася не расьціскаць кулак. Але пачалі выломліваць пальцы, Тацяна крычала.

Што трэба ведаць аб дактыляскапічнай рэгістрацыі ў Беларусі?

“Яны падкалупвалі пальцы за доўгія пазногці і разгіналі. Было балюча. Вельмі. Я крычала, што мне балюча. Усё, што я магла рабіць у гэтай сытуацыі, – гэта тузаць пальцамі, каб адбіткі змазваліся. Вядома, гэта прыводзіла да таго, што яны перараблялі пэўныя пальцы па два разы. Але гэта быў мой адзіны спосаб працягваць выказваць сваю нязгоду.

Усё гэта суправаджалася кпінамі, зьдзекам і абразамі ў мой адрас. Яны крычалі, што мне трэба было сядзець дома, што мне хтосьці прамыў мазгі і што, наагул, я дурніца. І пры гэтым шчыра рагаталі. Ім падабалася назіраць за гэтым гвалтам...”  –  распавядае Тацяна.

“Потым, калі ўвечары мяне адпусьцілі з РУУС, я заўважыла, што ў мяне на штанах засталіся адбіткі іх ботаў”.

Калі адкаталі ўсе пальцы, Тацяне паведамілі, што зараз яе будуць фатаграфаваць. Яна зноў катэгарычна адмовілася, сказала, што гэтым парушаецца яе права на недатыкальнасьць.

Яе адразу схапілі некалькі супрацоўнікаў і пацягнулі ў іншы пакой. Цягнулі за валасы, потым блякавалі рукі і ногі. Тацяна адсоўвалася ад камэры, супраціўлялася, закрывала вочы, крыўлялася, адхілялася наколькі магла ад аб’ектыву.

“У той сытуацыі ўсе іхныя дзеяньні былі незаконнымі. А калі беззаконьне адбываецца з маёй згоды – асабіста для мяне гэта непрымальна. Мне было важна выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца. Можа, гэта і неэфэктыўна, але калі такія рэчы ўводзіць у норму, то гэта зусім ужо няслушна. Ведаю адно: так нельга абыходзіцца з людзьмі”, - перакананая Мастыкіна.

На Тацяну ў той жа вечар былі складзеныя два пратаколы: па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і па арт. 23.4 КаАП – (непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых абавязкаў). Прычым ёй інкрымінавалі супраціў менавіта пры затрыманьні на плошчы, а не падчас правядзеньня дактыляскапіі. Суд быў прызначаны на наступны дзень – на 26 сакавіка, аднак пратаколы вярнулі на дапрацоўку.

І толькі больш чым празь месяц, 8 траўня, Тацяну Мастыкіну выклікалі ў суд ужо Першамайскага раёну на разгляд яе справы. Але ж і на гэты раз дакумэнты вярнулі ў Савецкі РУУС.

Тацяна Мастыкіна зьвярнулася са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў Сьледчы камітэт. Яна паведаміла пра парушэньні яе правоў супрацоўнікамі Савецкага РУУС і прасіла правесьці праверку законнасьці затрыманьня, правядзеньня адбору адбіткаў пальцаў і фотарэгістрацыі да прызнаньня яе судом асобай, якая зьдзейсьніла адміністрацыйнае правапарушэньне.

13 красавіка назіральніцу Тацяну Мастыкіну выклікаў на размову сьледчы Ўпраўленьня Сьледчага камітэту Савецкага раёну г. Менску Вадзім Калесьнік. Падчас апытаньня яна падрабязна расказала сьледчаму, як разгортваліся падзеі ў той дзень: як прайшло затрыманьне і што зь ёй адбывалася ў РУУС.

А 2 жніўня паводле вынікаў праверкі было прынятае рашэньне адмовіць Тацяне Мастыкінай ва ўзбуджэньні крымінальнай справы аб супрацьпраўных дзеяньнях супрацоўнікаў Савецкага РУУС Менску. Пры гэтым сьледчы Калесьнік спаслаўся на тое, што абавязковай дактыляскапічнай рэгістрацыі падлягаюць, сярод іншых, і асобы, якія ўчынілі адміністрацыйнае правапарушэньне.

Але ж суд не адбыўся, а такім чынам – сьледчы ня мае рацыі.

У абарону затрыманых назіральнікаў-валянтэраў выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders. З патрабаваньнем неадкладна спыніць ціск на праваабаронцаў у сувязі з выкананьнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасьці выступілі праваабаронцы “Вясны” і “Беларускага Хэльсынскага камітэту”. Гісторыя Мастыкінай ды іншых затрыманых назіральнікаў стала вядомая спэцыяльным дакладчыкам КПЧ ААН, якія зьвярнуліся да дзяржавы з запытам адносна парушэньня правоў грамадзян.

Як жа адрэагавала Беларусь?

“Вывучэньне матэрыялаў у дачыненьні да згаданых грамадзян паказала, што іх адміністрацыйнае затрыманьне праведзенае законна і абгрунтавана. Парушэньняў патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі” пры адабраньні адбіткаў пальцаў рук у А. Саханковай і Т. Мастыкінай ня выяўлена”, - адказала дзяржава спэцдакладчыкам.

“Хочацца, каб наступным разам, калі хтосьці апынецца ў такой жа сытуацыі, як я, міліцыянты дзесяць разоў падумалі і пачыталі свае “мануалы” па працэдуры, каб ведалі, што ім можна рабіць, а чаго нельга. А таксама – каб сьледчым была дадзеная прававая ацэнка ў частцы адбору адбіткаў пальцаў у мяне як чалавека, які яшчэ не прызнаны правапарушальнікам, – з надзеяй кажа Тацяна.

Абскарджаньне дзеяньняў супрацоўнікаў Савецкага РУУС Менску працягваецца.

Аб праекце #БезПраваНаРасправу

Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу зьяўляецца часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньня і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.

#БезПраваНаРасправу