Як расказаў Мікола Качурэц, раней міліцыянты спрабавалі запрасіць яго ў РАУС па тэлефоне. Казалі, што – з нагоды сьвяткаваньня Дня Волі ў Віцебску. Але актывіст параіў даслаць афіцыйную позву.
Паперу атрымаў 2 красавіка. У позьве патрабуюць явіцца 3 красавіка а 14-й гадзіне ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску да супрацоўніка міліцыі Канстанціна Ярашэўскага.
Нагадаем, што менавіта гэты міліцыянт склаў адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да яшчэ двух віцяблянаў – братоў Яраслава і Ўладзімера Кійко. Іх вінавацяць у “пікетаваньні з выкарыстаньнем палотнішча бел-чырвона-белага колеру”.
Як стала вядома, такая самая фармулёўка (“зьдзейсьніў пікетаваньне з выкарыстаньнем палотнішча бел-чырвона-белага колеру без атрыманьня дазволу”) фігуруе і ў пратаколе, складзеным на Міколу Качурца. Пратакол ён не падпісаў.
У Кастрычніцкім РАУС актывісту паведамілі, што разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні (арт. 23.34 КаАП) адбудзецца 11 красавіка ў 10.00 у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску.
Нагадаем, на гэты ж дзень і час прызначаны суд над віцяблянамі Яраславам і Ўладзімерам Кійко.
У нядзелю 24 сакавіка віцябляне адзначылі 101-ю гадавіну БНР ускладаньнем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзімеру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мэмарыялу, усталяванаму каля Усьпенскага сабору на месцы пахаваньня нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ушанаваньня, фіксавалася на фота- і відэакамэры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзеньні. Але 24 сакавіка нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі.
Зьміцер Міраш